Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец аднавіў заклік пачуць голас ненароджаных дзяцей

Кожнае новае жыццё выклікае здзіўленне і патрабуе клопату, абароны і гасціннага прыёму, - напісаў Пантыфік у прадмове да кнігі Цуд жыцця (Il miracolo della vita), якая выйдзе ў выдавецтве Piemme. Аўтары кнігі – навукоўца Габрыэле Сэмпрэбон і пісьменнік Лука Крыпа.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Гэтая кніга закліканая вярнуць чытача да пачуццяў здзіўлення і радасці, якія выклікае прыход у свет кожнага з нас”, - гаворыцца ў прадмове. У ёй падкрэсліваецца прыгажосць погляду на новае жыццё як на ўладальніка вышэйшага права, якое належыць кожнаму: права на існаванне, - напісаў у прадмове Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што “неаднаразова адчуваў сябе абавязаным умяшацца ў праблему аборту”, таму што ў глыбіні свайго сумлення перакананы, як і ўсе яго папярэднікі, што Касцёлу належыць ясна выказвацца па гэтых пытаннях. “Стаўкі занадта высокія, каб мы маглі здавольвацца часовымі, частковымі і павярхоўнымі рашэннямі. Гаворка ідзе пра жыццё, якое з'яўляецца нашай самай вялікай каштоўнасцю, атрыманай у дар”, - адзначыў Папа.

Гаворачы пра адсутнасць правоў эмбрыёна, які пры прыняцці рашэння аб перапыненні цяжарнасці не мае права голасу, Пантыфік, на яго ўласную думку, “часта выкарыстоўваў моцныя словы, якія неаднаразова выклікалі здзіўленне і нават збянтэжанасць”. Ён казаў пра "рану, якая мае вельмі высокую цану менавіта для жанчыны", пытаўся, “ці правільна пазбаўляць жыцця дзеля таго, каб вырашыць праблему”, але таксама папярэджваў, што гэта тэма "патрабуе вялікай кампетэнтнасці і вялікай маральнасці” ад усіх. Акрамя таго, Францішак заклікаў свет разважаць аб абортах не толькі з пункту гледжання той ці іншай традыцыі, веры або думкі, але і навукі. “Гэта цвёрды, але спакойны заклік да дыскусіі з маімі братамі, з якімі я падзяляю нашу шырокую, цудоўную і шматгранную чалавечнасць”, - напісаў Святы Айцец.

На думку Папы, цэнтральнае месца ў кнізе займае ўнёсак вучонага, эксперта па эмбрыялогіі і актыўнага ўдзельніка змешаных камітэтаў па біяэтыцы. На запрашэнне Пантыфіка ён абмяркоўвае тэму аборту, прыслухоўваючыся да голасу эмбрыёна, разглядаючы яго прыроду, яго ўнікальнасць, тое, як ён спраўляецца з пагрозамі свайму існаванню дзякуючы працэсам, распрацаваным прыродай за тысячагоддзі эвалюцыі.

Па словах Францішка, аўтары кнігі прапануюць нам “зноў адчуць здзіўленне ад таго, што мы нарадзіліся”. У сувязі з гэтым ён аднавіў свой зварот да тых, хто адмаўляецца ад такога драматычнага і канчатковага рашэння, як аборт, і прапануе ненароджанаму дзіцяці і маці дапамогу грамадства. “Ад імя столькіх нявінных ахвяр няхай Бог благаславіць усіх тых, хто вядзе сумесныя дыскусіі і разважанні пра цуд, якім з'яўляецца жыццё”, - напісаў напрыканцы прадмовы Святы Айцец.

Вокладка кнігі "Цуд жыцця"
Вокладка кнігі "Цуд жыцця"
21 мая 2023, 10:47