Пошук

Аўдыенцыя для членаў Канферэнцыі місійных інстытутаў у Італіі Аўдыенцыя для членаў Канферэнцыі місійных інстытутаў у Італіі  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Святы Айцец: місія – кісларод хрысціянскага жыцця

Увесь Касцёл – місійны, а “справа евангелізацыі з’яўляецца асноўным заданнем Божага народу”, таму важна, каб хрысціяне ва ўсіх рэгіёнах былі ў “пастаянным стане місіі”, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

11 мая 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Канферэнцыі місійных інстытутаў у Італіі. Сустрэча была прымеркавана да 50-годдзя гэта аб’яднання. Пантыфік нагадаў сваім гасцям пра важнасць евангелізацыйнай дзейнасці для Касцёла.

“Абвяшчэнне для Касцёла не з’яўляецца факультатыўным або маргінальным аспектам, але жыццёва важным вымярэннем, бо ён быў народжаны апостальскім і місійным, сфарміраваны Святым Духам як супольнасць, якая “выходзіць насустрач іншым”. Місія з’яўляецца кіслародам для хрысціянскага жыцця, якое хварэе і вяне без яе”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец нагадаў словы Паўла VI, які казаў, што стаўпамі місійнай дзейнасці павінна быць жыццёвае сведчанне, прапаведванне Божага слова, катэхізацыя і цэлебрацыя сакрамэнтаў.

Папа заклікаў сваіх гасцей даваць сведчанне міласэрнай любові і служыць адзін аднаму і бедным, а таксама не забываць сілкаваць сваё жыццё і апостальства з дапамогай Божага слова, Эўхарыстыі і малітвы, бо “місійнасць, як і адзінства, гэта ў першую чаргу таямніца Божай ласкі”: яны нараджаюцца з малітвы, удасканальваюцца праз слуханне Божага слова і маюць у якасці галоўнай мэты збаўленне братоў і сясцёр, якіх Пан давярае нам.

“Таму не толькі ваша жыццё і ваша місійная праца, але таксама планаванне, сустрэчы і рашэнні няхай заўсёды будуць вызначаны слуханнем Божага слова, эўхарыстычнай цэлебрацыяй і малітвай. Разам і паасобна давярайце ўсё Богу, ачышчаючы вашы сэрцы і структуры, у якіх працуеце, ад усяго таго, што можа спыняць свабодную і творчую дзейнасць Духа”, - заклікаў Францішак.

Святы Айцец нагадаў таксама, што місія – гэта не нейкая справа ці прадпрымальніцкі праект, гэта не арганізацыя, што належыць да пазаўрадавых структур, гэта не празелітызм, але “штосьці больш глыбокае, што перавышае ўсялякую меру”. “Місія – гэта заклік прысвяціць усяго сябе з адказнасцю, крэатыўнасцю і шчодрасцю, але не апускаючы рукі, калі вынікі не адпавядаюць чаканням; праявіць свае лепшыя якасці з ахвярнасцю, але потым даверыць усё ў рукі Айца; прыкласці ўсе свае намаганні, але дазволіць, каб гэта Ён учыніў нашыя высілкі настолькі плённымі, наколькі Яму падабаецца”, - падкрэсліў Пантыфік.

11 мая 2023, 12:12