Святы Айцец запэўніў у блізкасці католікаў у Кітаі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Сёння адзначаецца Сусветны дзень малітваў за Каталіцкі Касцёл у Кітаі. Ён супадае са святам Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў, якой складаюць пашану і малітвы ў санктуарыі Маці Божай Шэшаньскай у Шанхаі. З гэтай нагоды я хацеў бы запэўніць у сваёй памяці і блізкасці нашых братоў і сясцёр у Кітаі, падзяляючы іх радасці і надзеі”, - сказаў Папа.
Францішак скіраваў асаблівыя думкі да ўсіх церпячых у гэтай краіне – пастыраў і вернікаў, пажадаўшы, “каб у еднасці і салідарнасці паўсюднага Касцёла яны маглі адчуць суцяшэнне і падтрымку”.
“Заахвочваю ўсіх маліцца да Бога, каб Добрая Навіна Хрыста, укрыжаванага і ўваскрослага, магла абвяшчацца ў сваёй паўнаце, прыгажосці і свабодзе, прыносячы плёны для дабра Каталіцкага Касцёла і ўсяго кітайскага грамадства”, - заклікаў Святы Айцец.
Папа выказаў сваю падтрымку Украіне, падкрэсліваючы, што народ гэтай краіны шмат пакутуе, таму нельга забываць маліцца за яго. “Давайце будзем маліцца да Марыі Успамогі Хрысціянаў, каб была блізкай да ўкраінскага народу”, - дадаў Францішак.