Аперацыя Папы – следства хірургічнага ўмяшання 1980 года
Марыя Валодзіна – Vatican News
Прафесар Серджа Альф’еры, хірург, які ў другі раз апераваў Папу ў рымскай бальніцы імя Джэмэлі, патлумачыў у размове з журналістамі, што прычынай неабходнасці чарговага хірургічнага ўмяшання былі наступствы папярэдніх аперацый, зробленых у Аргенціне. Ён нагадаў, што ў мінулым Францішак быў праапераваны ад перытаніту, а таксама перанёс аперацыю на правым лёгкім, рубец ад якой хоць і не звязаны непасрэдна з нядаўнімі праблемамі, але прычыніўся да зменаў функцыянальнай дынамікі брушной сценкі. Па словах медыка, грыжа, якая сфармавалася на рубцы ад папярэдняй аперацыі, не была звязана з аперацыяй, зробленай два гады таму ў іншай частцы кішачніка.
На сённяшні дзень Францішак перанёс чатыры аперацыі, першая з якіх узыходзіць да перыяду навучання на другім курсе семінарыі. Аб гэтым досведзе Папа распавядаў аргентынскаму ўрачу Нэльсану Кастра, які ў верасні 2021 года выдаў кнігу Здароўе Пап. Першая аперацыя была зроблена ў 1957 годзе, калі яму быў 21 год. Падчас эпідэміі грыпу сімптомы доўга не знікалі, абследаванне выявіла тры кісты ў верхняй долі правага лёгкага. Пасля некалькіх месяцаў лячэння было прынята рашэнне аб хірургічнай аперацыі, якая, па ўспамінах Святога Айца, была вельмі цяжкай, аднак мела поспех. Наступіла поўнае выздараўленне, і Папа ніколі не сутыкаўся з праблемамі з дыханнем.
Аперацыя, якая стала прычынай цяперашніх ускладненняў, была зроблена ў 1980 годзе ў Аргенціне. У інтэрв'ю Папа распавёў, што аднойчы падчас абеду ён адчуў рэзкі і моцны боль у спіне, не мог паварушыцца. Першай рэакцыяй было прыняць абязбольвальныя лекі. Але боль не прайшла, таму ён звярнуўся да лекара. Той пачаў з праверкі нырак і мачавога пузыра, аналізы на камяні далі адмоўныя вынікі, а боль не праходзіў, таму хірург прыняў рашэнне аб тэрміновай аперацыі. "Потым я даведаўся, што аперацыя была сапраўды цяжкай і рызыкоўнай. Аказалася, што ў мяне была гангрэна жоўцевага пузыра, якая, на шчасце, была своечасова выяўлена. "Яшчэ дзень, і Ваш стан быў бы нашмат горшым", - патлумачыў хірург. На шчасце, пасляаперацыйны курс прайшоў без ускладненняў, і я цалкам аднавіўся», – узгадваў Францішак.