Пошук

Лагатып Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне Лагатып Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне 

Апублікавана праграма папскага падарожжа ў Партугалію

6 чэрвеня 2023 года ў Ватыкане была апублікавана афіцыйная праграма Апостальскага падарожжа Францішка ў Партугалію з нагоды ХХХVII Сусветных дзён моладзі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа прыбудзе ў Лісабон на самалёце з Рыма раніцай 2 жніўня. Пасля афіцыйнай цырымоніі прывітання ў Беленскім палацы і сустрэчы з Прэзідэнтам Партугаліі, Святы Айцец скіруецца ў Беленскі культурны цэнтр, дзе звернецца з прамовай да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Потым у нунцыятуры ў Лісабоне ён прыме Прэм’ер-міністра Партугаліі. Завершыцца першы дзень падарожжа наведваннем старажытнага кляштару еранімітаў Жэранімум, дзе Папа правядзе малітву Нешпараў разам з біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і душпастырскімі работнікамі.

Раніцай 3 жніўня Пантыфік сустрэнецца з універсітэцкай моладдзю ў Партугальскім каталіцкім універсітэце, а потым скіруецца ў лісабонскае аддзяленне адукацыйнай сеткі Scholas Occurentes у прадмесці Кашкайш. Вечарам Францішак прыме ў цырымоніі адкрыцця Сусветных дзён моладзі, якая адбудзецца ў сталічным парку Эдуарда VII.

У пятніцу 4 жніўня Святы Айцец паспавядае некаторых маладых удзельнікаў форума на Плошчы Імперыі ў цэнтры Лісабона, сустрэнецца з прадстаўнікамі некаторых дабрачынных структур, паабедае з моладдзю ў нунцыятуры, а вечарам узначаліць набажэнства Крыжовага шляху, якое адбудзецца ў парку Эдуарда VII.

5 жніўня Папа адведае марыйны санктуарый у Фаціме, куды прыбудзе на верталёце. У Капліцы Аб’яўленняў ён правядзе ружанцовую малітву разам з хворымі юнакамі і дзяўчатамі, пасля чаго вернецца ў Лісабон. Францішак правядзе прыватную сустрэчу з мясцовымі езуітамі, а вечарам прыме ўдзел у малітоўным моладзевым чуванні на тэрыторыі Парку Тэжу, размешчаным у паўночна-ўсходняй частцы Лісабона.

6 жніўня Папа ўзначаліць святу Імшу на заканчэнне Сусветных дзён моладзі, сустрэнецца з валанцёрамі форума і пасля цырымоніі развітання вылеціць самалётам у Рым.
 

06 чэрвеня 2023, 12:30