Францішак пакінуў клініку Джэмэлі і вярнуўся ў Ватыкан

Папа пакінуў клініку Джэмэлі ў 8.45 раніцы 16 чэрвеня 2023 года ў інвалідным вазку ў суправаджэнні доктара Сержа Альфіеры, свайго хірурга.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З бальніцы Францішак накіраваўся адразу ў базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, каб памаліцца і падзякаваць Маці Божай. Гэта быў яго 108-ы візіт у гэты марыйны храм.

Усмешлівы Святы Айцец даў кароткія адказы на некалькі пытанняў. У сувязі з нядаўнім караблекрушэннем у Эгейскім моры, якое было прадметам аднаго з першых пытанняў, ён падкрэсліў сваё шкадаванне і смутак.

Журналісты спыталіся ў хірурга Альфіеры пра дынаміку выздараўлення Пантыфіка, на што той з доляй іроніі адказаў: “Але ён не выздараўлівае, ён ужо пачаў працаваць!”. Прафесар пацвердзіў, што аперацыя не перашкодзіць Папу здзейсніць паездкі, у Лісабон на Сусветныя дні моладзі, а таксама ў Манголію ў канцы жніўня. “Наадварот, - падкрэсліў спецыяліст, - ён зможа справіцца з імі лепш, чым раней, таму што цяпер у яго больш не будзе дыскамфорту ад ранейшых праблем. Ён стане мацнейшым”. “Паўтараю, Папа ў парадку, ён адчувае сябе лепш, чым раней”, - завяршыў сваю кароткую размову з прэсай хірург, які аперыраваў Святога Айца.

Нагадаем, Пантыфік быў шпіталізаваны пасля агульнай аўдыенцыі, якую правёў 7 чэрвеня 2023 года на ватыканскай плошчы святога Пятра. Урачы прынялі рашэнне аб неабходнасці хірургічнага ўмяшання ў сувязі з наяўнасцю ў яго ўшчэмленай пасляаперацыйнай грыжы з балявымі сімптомамі. Францішку была праведзена лапаратамія і пластыка брушной сценкі пратэзамі. У 2022 годзе Святы Айцец перанёс аперацыю на кішэчніку.
 

16 чэрвеня 2023, 10:14