Францішак да еўрапейскіх палітыкаў: натхняцца высокімі ідэаламі
Марыя Валодзіна - Vatican News
З-за шпіталізацыі Папа не змог прыняць еўрадэпутаў на аўдыенцыі, запланаванай на 9 чэрвеня 2023 года, але даслаў ім з клінікі імя Агасціна Джэмэлі пісьмовае пасланне.
Па-першае, на думку Папы, дэпутаты з'яўляюцца прадстаўнікамі грамадзян, якія даверылі ім мандат, і таму павінны падтрымліваць сувязь з грамадзянамі. Пераадолець адлегласці паміж далёкім Еўрапейскім парламентам і людзьмі дазваляюць сучасныя сродкі камунікацыі.
Па-другое, нягледзячы на існаванне пэўнага плюралізму ў рамках вялікай парламенцкай групы, патрабуецца адзінства ў дачыненні да некаторых пытанняў, якія ставяць на карту асноўныя этычныя каштоўнасці і важныя моманты хрысціянскага сацыяльнага вучэння. Хрысціянскі палітык павінен вылучацца сур'ёзнасцю, адмаўляцца ад апартуністычных рашэнняў і заўсёды прытрымлівацца крытэрыяў годнасці чалавека і агульнага дабра.
Кіравацца сацыяльным вучэннем Касцёла
Пантыфік заклікаў еўрапейскіх палітыкаў абапірацца на багатую спадчыну, якую ўяўляе сабой сацыяльнае вучэнне Касцёла і яе асноўныя прынцыпы, такія як салідарнасць і субсідыярнасць.
Іншы аспект, які аб'ядноўвае Еўропу – гэта адзінства і разнастайнасць. Палітычныя арганізацыі і ініцыятывы пакліканы скласці адпаведныя фігуры з багатай мазаіцы традыцый, моў, гісторый і культур, якія існуюць у Еўропе, - лічыць Святы Айцец.
Неабходнасць высокіх маральных ідэалаў
На думку Францішка, гэта патрабуе вялікіх мар, каштоўнасцяў і высокага палітычнага бачання. Высокае і моцнае натхненне можна чэрпаць у вучэнні айцоў-заснавальнікаў Еўропы, дзе “кожны чалавек можа жыць чалавечым, братэрскім і справядлівым жыццём”.
Папа нагадаў, што братэрства і сацыяльнае сяброўства – вялікая мара, якую ён прапанаваў для Касцёла і ўсіх мужчын і жанчын добрай волі (Fratelli tutti, 8). Братэрства можа стаць крыніцай натхнення і для еўрапейскіх дзеячаў. Хрысціянскія палітыкі павінны перакладаць вялікую мару аб братэрстве ў канкрэтныя ўчынкі на ўсіх узроўнях: мясцовым, нацыянальным, міжнародным, - адзначыў Пантыфік, маючы на ўвазе такія праблемы, як міграцыя і клопат аб планеце.
Францішак заклікаў не забывацца пра гісторыю адзінай Еўропы, створанай пасля трагічных войнаў ХХ стагоддзя. Аб'яднаную Еўропу натхнялі такія ідэалы, як свабода, справядлівасць, мір і павага да разнастайнасці. Сёння гэты праект падвяргаецца выпрабаванням, але яго можна адрадзіць, абапіраючыся на першапачатковае натхненне, актуальнае не толькі для Еўропы, але і для ўсёй чалавечай сям'і, - лічыць Святы Айцец.
Памятаць пра моладзь
Напрыканцы паслання Францішак заклікаў еўрапарламентарыяў памятаць пра маладых людзей, якія вучацца і шукаюць працу па ўсёй Еўропе. “Для моладзі цяпер звычайна прайсці першую частку навучання ў сваёй краіне, а спецыялізавацца ў іншай. Як гэта было ў сярэднiя вякi: крыху вучыліся ў Падуі, трохі ў Парыжы, трохі ў Оксфардзе або Гайдэльбергу”, - зазначыў Святы Айцец, запрашаючы палітыкаў ствараць Еўропу, якая б адпавядала марам моладзі.