Францішак да хворай дзяўчыны: я з табой у гэтым падарожжы
Марыя Валодзіна - Vatican News
17-гадовая Эдна ведае, што хутка сустрэнецца з Богам. "Лекар сказаў, што ён не ведае, калі я сустрэну Езуса, але гэта адбудзецца ў бліжэйшы час", - напісала яна ў лісце да Святога Айца, патлумачыўшы, што не зможа фізічна прысутнічаць на Сусветных днях моладзі, якія адбудуцца ў Лісабоне з 1 па 6 жніўня 2023 года, хаця і зарэгістравалася для ўдзелу ў іх.
Эдна, якая больш за дзесяць гадоў наведвае парафію святога Максіміліяна Кольбэ на ўскраіне партугальскай сталіцы, усім сэрцам жадала сустрэцца з Папам. "Калі я даведалася, што СДМ адбудуцца ў Партугаліі, я была вельмі шчаслівая, таму што кожны раз, калі я бачу Папу па тэлевізары, я адчуваю сябе добра, як быццам няма хваробы", - патлумачыла дзяўчына ў лісце, дадаючы, што хацела б, каб Францішак ведаў, "наколькі ён важны для яе і яе сям'і".
На радкі хворай дзяўчыны Папа адказаў відэазваротам. "Эдна, я атрымаў твой ліст, дзякуй! Дзякуй за тваю пяшчоту і супакой у тваім сэрцы. Гэты супакой падобны на насенне, пасаджанае ў сэрцах усіх, хто ведае табе і гаворыць з табой. Дзякуй! Я суправаджаю цябе ў падарожжы, якое ты здзяйсняеш. Я суправаджаю цябе, і ведаю, што цябе добра прымуць. Я суправаджаю цябе, молячыся за цябе, молячыся з табой і гледзячы на Езуса, які заўсёды чакае нас", - сказаў Святы Айцец, благаслаўляючы дзяўчыну і жадаючы, каб “Ён даў ёй сілы і ў гэтым падарожжы”.