Пошук

Францішак прыняў на аўдыенцыі актывістак з Амазоніі

Аб праблеме захвату зямель карэнных народаў Эквадора, Калумбіі і Перу, а таксама аб дзейнасці жанчын на карысць Касцёла і навакольнага асяроддзя, паведамілі Францішку тры прадстаўніцы карэнных народаў Амазоніі.

Марыя Валодзіна – Vatican News

1 мая 2023 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі прадстаўніц Амазонскай касцёльнай канферэнцыі і Панамазонскай касцёльнай сетцы (REPAM). Патрыцыя Гуалінга, сястра Лаўра Вікунья і Есіка Пат’ячы распавялі Пантыфіку аб працы жанчын на карысць карэнных народаў Амазоніі і Касцёла.

4 сакавіка 2023 года актывісткі напісалі Францішку ліст з просьбай прыняць іх на аўдыенцыі, а ўжо праз пяць дзён, 9 сакавіка, атрымалі хуткі адказ з запрашэннем у Ватыкан.

У пачатку сустрэчы жанчыны перадалі Святому Айцу падарункі, якія даслалі шматлікія жыхары Амазоніі: вялікі маляваны пейзаж, футболкі, каралі і шакалад.

Падчас размовы з Папам разглядаліся тры важныя пытанні: праца прадстаўніц Касцёла на тэрыторыях карэнных народаў, прызнанне гэтай працы, а таксама стан карэнных народаў і адукацыя.

Актывісткі папярэдзілі Пантыфіка аб палітыцы, якая пагражае правам жыхароў Амазоніі. Маецца на ўвазе здабыча карысных выкапняў замежнымі кампаніямі, устаноўка адкрытых нафтавых шахт і разрабаванне тэрыторый, якія з'яўляюцца домам карэнных народаў. У першым шэрагу барацьбы супраць гэтых пагроз знаходзяцца жанчыны.

“Папа высока ацаніў прыхільнасць жанчын Амазоніі, іх адчувальнасць, а таксама працу па евангелізацыі. Ён заклікаў нас рухацца наперад, сказаў, што ніхто не можа спыніць перамены", - адзначылі актывісткі ў інтэрв'ю Ватыканскаму радыё.

02 чэрвеня 2023, 10:01