Пантыфік: рашэнні па клімаце будуць мець уплыў тысячы гадоў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Папа прыняў ў Ватыкане арганізатараў экалагічнага Green and Blue Festival, які пройдзе 6-8 чэрвеня ў Мілане. Аўдыенцыя адбылася з нагоды Сусветнага дня навакольнага асяроддзя, які адзначаецца па ініцыятыве Генеральнай Асамблеі ААН 5 чэрвеня.
Францішак заўважыў, што ў цягам апошніх дзесяцігоддзяў у свеце расце ўвага да экалагічных праблем і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама заклапочанасць тым, што адбываецца з нашай планетай.
“Эксперты выразна падкрэсліваюць, што рашэнні і дзеянні, прынятыя ў гэтым дзесяцігоддзі, будуць мець уплыў на працягу тысяч гадоў. Павялічыліся нашы веды аб уплыве нашых дзеянняў на наш супольны дом і на тых, хто ў ім жыве і хто будзе жыць у ім. Гэта таксама ўмацавала наша пачуццё адказнасці перад Богам, які даверыў нам апеку над стварэннем, перад бліжнім і перад будучымі пакаленнямі”, - сказаў Папа.
“Калі чалавецтва постіндустрыяльнага перыяду застанецца ў памяці як адно з найбольш неадказных у гісторыі, то спадзяемся, што чалавецтва пачатку XXI стагоддзя будзе ўспамінацца таму, што велікадушна прыняло на сябе сур’ёзныя абавязкі”, - нагадаў Пантыфік словы са сваёй энцыклікі Laudato si’.
Францішак заўважыў, што экалагічная сітуацыя на планеце патрабуе адказнасці і ўзаемнага супрацоўніцтва. На яго думку, супольным ворагам сёння з’яўляюцца безадказныя паводзіны, якія ўплываюць на ўсё чалавецтва сёння і будуць рабіць гэта ў будучыні.
Папа адзначыў важнасць змены курсу, а таксама актуальных мадэляў спажывецтва і вытворчасці, якім уласціва “культура абыякавасці” і стварэнне чалавечых і прыродных “адкідаў”. Ён нагадаў, што адным з такіх крокаў з’яўляецца адмова ад выкарыстання і продажу аднаразовага пластыкавага посуду, што ўжо адбылося ў Ватыкане.
Пантыфік перакананы, што барацьба з экалагічнымі праблемамі з’яўляецца таксама цудоўным выклікам, які дасць магчымасць “перайсці ад культуры адчужэння да ладу жыцця, заснаванага на культуры павагі і клопату пра стварэнне і іншых людзей, блізкіх і далёкіх у прасторы і часе”.
“Неабходна паскорыць гэту змену курсу на карысць культуры клопату, (...) якая ставіць у цэнтр чалавечую годнасць і агульнае дабро. І няхай яна будзе натхняцца “тым саюзам паміж людзьмі і навакольным асяроддзем, які павінен быць адлюстраваннем творчай любові Бога, ад Якога мы паходзім і да Якога ідзем”, - сказаў Папа, заклікаючы не пазбаўляць новыя пакаленні надзеі на лепшую будучыню.