Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік сустрэнецца з дзеячамі сучаснага мастацтва і культуры

Папа прыме на аўдыенцыі каля 200 прадстаўнікоў свету культуры з розных краін свету: мастакоў, скульптараў, архітэктараў, пісьменнікаў, паэтаў, музыкантаў, рэжысёраў і акцёраў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сустрэча адбудзецца 23 чэрвеня 2023 года ў Сікстынскай капэле Апостальскага палацу з нагоды 50-годдзя калекцыі сучаснага рэлігійнага мастацтва Ватыканскіх музеяў.

Дыкастэрыя па справах культуры і адукацыі паведаміла, што аўдыенцыя стане чарговым этапам папскіх сустрэч з мастакамі, першая з якіх адбылася ў пантыфікат Паўла VI у 1964 годзе, з мэтай аднаўлення дыялогу паміж Касцёлам і прадстаўнікамі сучаснага мастацтва.

Адзначаецца, што Святы Пасад імкнецца ўмацоўваць адносіны са светам культуры, аддаючы перавагу дыялогу – неад’емнаму інструменту сапраўднай сустрэчы, узаемадзеяння і ўзаемнага ўзбагачэння. Ён неабходны, каб прадстаўнікі розных форм культуры і мастацтва адчувалі, што Касцёл прызнае іх людзьмі, якія служаць шчыраму пошуку праўды, дабра і прыгажосці.

Сярод удзельнікаў аўдыенцыі будуць музыканты і кампазітары Лігабуэ і Людавіка Эйнаўді з Італіі, спявачка Ціна Караль з Украіны, нямецкі мастак Ансельм Кіфер, брытанскі кінарэжысёр Кен Лоўч, французскі архітэктар Жан Нувель і многія іншыя.
 

22 чэрвеня 2023, 09:13