Папа адпачывае і аднаўляецца пасля хірургічнай аперацыі
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Медыцынскі персанал, які сочыць за пасляаперацыйным станам Пантыфіка, паведамляе аб тым, што ён атрымаў вадкае харчаванне. Гемадынамічныя і рэспіраторныя параметры стабільныя”, - такое паведамленне аб стане здароўя Святога Айца распаўсюдзіў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні. Ён таксама паінфармаваў, што ў другой палове дня 8 чэрвеня, ва ўрачыстасць Божага Цела, Папа прыняў Эўхарыстыю.
7 чэрвеня Францішку была зроблена лапаратамія і пластыка брушной сценкі пратэзамі ў клініцы імя Агасціна Джэмэлі. Пасля хірургічнага ўмяшальніцтва Святы Айцец атрымаў шматлікія пажаданні хутчэйшага выздараўлення, за якія ён падзякаваў, просячы працягваць маліцца аб ім.
Сярод шматлікіх паведамленняў аб блізкасці Францішка вельмі ўразіла любоў сям'і маленькага Мігеля Анхеля, ахрышчанага ім 31 сакавіка 2023 года падчас візіту ў аддзяленне дзіцячай анкалогіі і нейрахірургіі. Сям’я немаўляці даслала Францішку плакат з пажаданнямі хутчэйшага выздараўлення. Святы Айцец пажадаў асабіста патэлефанаваць маці Мігеля Анхеля, каб падзякаваць ёй.