Пантыфік латэранскім канонікам: рухацца наперад з адкрытым сэрцам
Марыя Валодзіна – Vatican News
Сустрэча адбылася з нагоды 200-годдзя з дня заснавання кангрэгацыі ў выніку зліцця дзвюх больш старэйшых супольнасцяў: рэгулярных канонікаў Збаўцы і рэгулярных латэранскіх канонікаў.
Папа нагадаў, што Кангрэгацыя латэранскіх канонікаў належыць да шматвяковай традыцыі. Заснаваная на статуце святога Аўгусціна, яна засяроджана на малітве, супольным жыцці, агульным карыстанні дабротамі і служэнні Касцёлу. Па словах Пантыфіка, гэтыя чатыры канстанты з'яўляюцца “чатырма зоркамі”, якія ніколі не заходзяць і робяць служэнне гэтай манаскай кангрэгацыі яркім і актуальным.
“Ваша харызма патрабуе ад вас быць адначасова сузіральнымі і актыўнымі, прысвячаць час малітве, вучобе і служэнню, быць гатовымі рэагаваць на патрэбы часу, які мяняецца”, - адзначыў Святы Айцец. Працягваць арыентавацца на гэтыя чатыры зоркі – малітву, супольнасць, беднасць і служэнне Касцёлу – заклікаў Папа членаў кангрэгацыі і ў цяперашні час, калі яны разважаюць над тым, як працягваць абнаўленне свайго рэлігійнага жыцця.
Францішак пажадаў маладым святарам з розных куткоў свету, якія ў гэтыя месяцы ствараюць новыя праекты, праводзяць сустрэчы і наладжваюць сувязі, карыстацца гэтымі магчымасцямі як дарам, а таксама слухаць адзін аднаго “з шчырасцю і адкрытасцю сэрца”.