Папа да прадпрымальнікаў: прасоўваць культуру сустрэчы
Марыя Валодзіна - Vatican News
Удзельнікі штогадовай сустрэчы Рады прадпрымальнікаў Лацінскай Амерыкі сабраліся ў Рыме, каб абмеркаваць такія агульначалавечыя праблемы, як праца, міграцыя, змена клімату і інтэгральнае развіццё чалавека.
Пантыфік заклікаў іх будаваць працу на фундаменце культуры сустрэчы, якая імкнецца да агульнага дабра, а не да прыбытку любой цаной, у тым ліку і цаной звальнення работнікаў, за кожным з якіх стаіць сям'я і грамадства.
Святы Айцец прапанаваў гасцям браць прыклад з першых паслядоўнікаў Езуса, якія плялі сеткі, каб лавіць рыбу. Ствараць сеткі, яднацца і дапамагаць адзін аднаму, каб служыць кожнаму чалавеку і кожнаму народу, не пакідаючы нікога ззаду, - заахвоціў гасцей Францішак, дадаючы, што сустрэча невыпадкова праходзіць у Рыме, ля магілы апостала Пятра, “эксперта па пляценні і рамонце сетак”.
Валодаючы такім каштоўным інструментам, як сеткі, а таксама компасам – Евангеллем, і якарам – надзеяй, прадпрымальнікі могуць “адправіцца ў плаванне, упэўненыя, што менавіта Бог вядзе і суправаджае іх на шляху”, - адзначыў Папа, благаслаўляючы прысутных, іх сем’і і супрацоўнікаў.