Папа да рымскіх журналістаў: аднавіць хрысціянскае пасланне
Марыя Валодзіна – Vatican News
На думку Францішка, рымская газета Il Messaggero, заснаваная ў канцы XIX стагоддзя, “па-ранейшаму ўяўляе сабой моцны бок журналістыкі”. Ён параіў яе супрацоўнікам заўсёды памятаць пра этычнае вымярэнне іх працы, асабліва важнае ў сучасных сацыяльна-культурных абставінах, калі адрозніваць праўду ад ілжывых навін становіцца ўсё цяжэй.
Францішак нагадаў пра падзею, якая будзе цесна звязана з Рымам: Юбілей 2025 года. “Вечны горад зноў стане полюсам прыцягнення”, каб аднавіць хрысціянскае пасланне і адрадзіць надзею ў шматлікіх пілігрымах. Юбілейны год – гэта спрыяльны час для таго, каб “вярнуць у цэнтр нашага жыцця прымірэнне з Богам і людзьмі, разарваўшы кайданы зла, рабства і насілля, якія псуюць прыгажосць чалавечай годнасці”, - напісаў Пантыфік.
На думку Святога Айца, Юбілей мае не толькі рэлігійную каштоўнасць, ён павінен прывесці да “этычнага, маральнага, сацыяльнага і культурнага адраджэння, здольнага вылечыць раны, выкліканыя несправядлівасцю і рознымі формамі гвалту, пераадолець эканамічную няроўнасць і дыскрымінацыю, аднавіць калектыўны клімат даверу і надзеі, а таксама ініцыяваць працэсы інтэгральнага чалавечага росту з асаблівай увагай да самых уразлівых”.
У Юбілейны год неабходна “распачаць дзеянні і шляхі, здольныя вызваліць людзей, гарады, нацыі і народы ад усіх формаў рабства і дэградацыі”, а таксама спрыяць паўторнаму стварэнню атмасферы надзеі і даверу, як знака адраджэння пасля пандэміі, - гаворыцца ў пасланні Папы.