Пантыфік: кожны хрысціянін пакліканы працягваць місію Езуса
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Папа нагадаў, што кожны хрысціян, атрымаўшы дар Святога Духа, становіцца “пакліканым працягваць справу Езуса, абвяшчаючы ўсім радасць Евангелля і несучы Яго спагаду ў розныя сітуацыі нашай гісторыі, часта параненай”. Чалавек, які быў “прываблены любоўю Хрыста і стаў Яго вучнем, адчувае таксама жаданне несці ўсім міласэрнасць і спагаду”, якія зыходзяць з Сэрца Езуса.
Пантыфік зазначыў, што місійнасць – гэта не штосьці натуральнае, бо людзям больш уласціва шукаць камфорту і не парушаць парадку, які існуе, але калі сыходзіць Святы Дух ён спачатку стварае “беспарадак”, як было ў дзень Пяцідзясятніцы, каб потым прывесці ўсё да гармоніі.
Францішак прапанаваў паглядзець на харызму і місію Папскіх місійных ініцыятыў у святле міласэрнага і спагадлівага Сэрца Езуса, якое асаблівым чынам ушаноўвацца ў Касцёле на працягу чэрвеня. Сузіраючы сэрца Хрыста, мы адкрываем для сябе веліч задумы Бога адносна чалавецтва і Яго бязмежную любоў да ўсіх.
Езус усім сваім жыццём паказаў, што сэрца Бога – гэта сэрца Айца, які чакае нас і выходзіць нам насустрач з раскрытымі абдымкамі, які не адчужае нікога, але прымае ўсіх. “Мы пасланы працягваць гэту місію: быць знакам Сэрца Хрыста і любові Айца, абдымаючы ўвесь свет”, - сказаў Папа, дадаючы, што місія Касцёла заключаецца ў дасягненні ўсіх з дарам бясконцай любові Бога.
Святы Айцец заклікаў Папскія місійныя ініцыятывы прасоўваць місійную адказнасць усіх вернікаў і падтрымліваць місійны дух. як у новых мясцовых Касцёлах, так і ў краінах са старажытнай хрысціянскай традыцыяй, пазначаных сур’ёзным крызісам веры і патрабуючых абноўленай евангелізацыі і душпастырскага навяртання.
Францішак падзяліўся марай аб больш шчыльным і скаардынаваным місійным супрацоўніцтве паміж усімі членамі Касцёла, нагадваючы што яно ляжала ў аснове Папскіх місійных ініцыятыў, заснаваных біскупам, святаром і дзвюма свецкімі верніцамі. “Не будзем пераставаць марыць пра “новую пару місійнай дзейнасці хрысціянскіх супольнасці”, - заклікаў Пантыфік.