Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Святы Айцец: інвеставаць лепшыя сілы ў адукацыю моладзі

Пантыфік нагадаў, што адукацыя моладзі павінна мець два вымярэнні – гарызантальнае і вертыкальнае: прадугледжваць супрацоўніцтва з людзьмі і адносіны з Богам.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

1 чэрвеня 2023 года Францішак сустрэўся ў Ватыкане з удзельнікамі праекту Афрыканская адукацыйная дамова, які прадугледжвае аб’яднанне намаганняў розных сектараў грамадства, адукацыйных устаноў і бацькоў у спрыянні адукацыі і выхаванню дзяцей. “Усе маюць абавязак падтрымліваць адукацыю, бо гэта “харальны” працэс”, - дадаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што намаганні ў гэтай сферы павінны мець не толькі гарызантальнае вымярэнне, якое прадугледжвае супрацоўніцтва паміж людзьмі, але таксама вертыкальнае – адносіны з Богам. Ён нагадаў, што Афрыка – гэта кантынент, з найбольшым ростам колькасці хрысціян і католікаў.

Папа падкрэсліў, што Афрыка – гэта таксама самы “малады кантынент”, а моладзь – яе “самае вялікае багацце”. Ён заахвоціў пастыраў без аўтарытарызму слухаць маладых людзей і іх ідэі, бо “Дух прамаўляе таксама праз іх”. “Я ўпэўнены, што яны змогуць падказаць вам прыгожыя і дзіўныя рэчы”, - дадаў Францішак.

Пантыфік заклікаў інвеставаць лепшыя сілы ў адукацыю моладзі, адзначаючы, што “пасля палітыкі масавай адукацыі, якая характарызавала першыя дзесяцігоддзі посткаланіялізму, надышоў час працаваць разам з мясцовымі органамі ўлады над павышэннем якасці адукацыі, перш за ўсё шляхам добрай падрыхтоўкі настаўнікаў, павышэння іх кваліфікацыі і стварэння неабходных умоў для годнага ажыццяўленне іх прафесійнай дзейнасці”.

“Мы глядзім на Афрыку з вялікай упэўненасцю, бо яна мае ўсё неабходнае, каб стаць кантынентам, здольным намеціць шляхі будучыні. Я маю на ўвазе не толькі вялікія выкапнёвыя рэсурсы, эканамічны прагрэс і мірныя працэсы, я маю на ўвазе перш за ўсё адукацыйныя рэсурсы: каштоўнасці традыцыйнага афрыканскага выхавання, перш за ўсё гасціннасць, прыняцце, салідарнасць – гэта каштоўнасці, якія ідэальна ўпісваюцца ў адукацыйную дамову. Хрысціянства бярэ лепшае з кожнай культуры і дапамагае ачысціць тое, што не з’яўляецца па-сапраўднаму чалавечым і, такім чынам, таксама і боскім”, - сцвердзіў Папа.

Францішак нагадаў словы Нэльсана Мандэлы, які называў адукацыю “самым магутным інструментам, з дапамогай якога можна змяніць свет”, і прыклад Слугі Божага Джуліуса Ньерэрэ, які спрыяць пашырэнню адукацыі на афрыканскім кантsненце і казаў, што без удзелу ў эўхарыстычнай цэлебрацыі ён бы не змог выконваць сваю працу.
 

01 чэрвеня 2023, 12:16