Пошук

Святы Айцец: мір патрабуе братэрства, а братэрства – сустрэчы

Верыць, што чалавек чалавеку – брат, - не пустое слова, а канкрэтны ўчынак, - гаворыцца ў пасланні Францішка да ўдзельнікаў Сусветнай сустрэчы на тэму чалавечага братэрства NotAlone, якое прайшло 10 чэрвеня 2023 года на галоўнай ватыканскай плошчы. Тэкст паслання ад імя Святога Айца прачытаў кардынал Маўра Гамбэці.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сустрэча, у якой бралі ўдзел 30 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, была натхнёная энцыклікай Францішка Fratelli tutti. Яе мэта – прыцягнуць людзей з усяго свету да распаўсюджвання культуры братэрства і міру. Раніцай 10 чэрвеня адбылася сустрэча пяці рабочых груп, у склад якіх увайшлі нобелеўскія лаўрэаты, эксперты ў сферы аховы навакольнага асяроддзя, моладзь і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. У другой палове дня на плошчы святога Пятра нобелеўскія лаўрэаты абвясцілі Дэкларацыю аб чалавечым братэрстве, гучалі спевы, музыка, сведчанні, а таксама малітва ў інтэнцыі Святога Айца, якую ўзначаліў архіпрэзбітэр базілікі святога Пятра і старшыня фонду Fratelli tutti, кардынал Маўра Гамбэці.

"Хоць я і не маю магчымасці зрабіць гэта асабіста, хачу павіншаваць вас і ад усёй душы падзякаваць вам за тое, што вы прыбылі сюды. Радуюся, што магу разам з вамі пацвердзіць імкненне да братэрства і міру”, – гаворыцца ў прамове Францішка.

“Братэрства можа ўнесці станоўчы ўклад у свабоду і роўнасць” (Fratelli tutti, 103), таму што ў браце мы бачым твар, а не нумар: гэта заўсёды хтосьці, хто мае годнасць і заслугоўвае павагі, а не нешта, што можна выкарыстоўваць. У свеце, які раздзіраюць войны і гвалт, толькі вялікі духоўны і сацыяльны саюз, які верціцца вакол братэрства, можа вярнуць у цэнтр святасць і недатыкальнасць чалавечай годнасці, - напісаў Святы Айцец.

Братэрства патрэбуе не тэорый, а канкрэтных жэстаў: прымірыцца з роднымі, сябрамі або суседзямі, памаліцца за тых, хто прычыніў нам боль, дапамагчы тым, хто жыве ў нястачы, прынесці словы міру ў школу, універсітэт ці грамадскае жыццё, наблізіцца да кагосьці, хто адчувае сябе самотным, - лічыць Папа.

Давайце не стамляцца крычаць Не вайне ў імя Бога, у імя кожнага мужчыны і кожнай жанчыны, якія імкнуцца да міру. Пачуццё братэрства, якое аб'ядноўвае нас, мацней за нянавісць і гвалт. Гэта тая іскра, якая можа зноў запаліць святло, каб спыніць ноч канфліктаў, - сцвердзіў Францішак.

Калі грамадства выбірае братэрства, мяняецца і палітыка: чалавек бярэ верх над прыбыткам, супольны дом - над навакольным асяроддзем, якое можна выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах, за працу плацяць годны заробак, гасціннасць становіцца багаццем, жыццё – надзеяй, - зазначыў Святы Айцец.

Папа падзякаваў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі за стварэнне Дэкларацыі аб чалавечым братэрстве, заклікаўшы сведчыць пра яе кожны дзень канкрэтнымі ўчынкамі. Ён прывітаў удзельнікаў сустрэчы, якія сабраліся на гарадскіх плошчах па ўсім свеце, каб “сведчыць як пра багацце разнастайнасці, так і пра магчымасць быць братамі, нават калі мы не разам, як гэта здарылася са мной”.

Напрыканцы паслання Папа звярнуўся да вобраза абдымкаў. Ён пажадаў удзельнікам сустрэчы захаваць у сэрцы і памяці жаданне абняць жанчын і мужчын з усяго свету, каб разам пабудаваць культуру міру. “Мір мае патрэбу ў братэрстве, а братэрства мае патрэбу ў сустрэчы”, - сцвердзіў Папа. “Я абдымаю вас і, зноў дзякуючы вам, ад душы кажу: я з вамі!”, - такімі словамі завяршылася прамова Францішка, пасля чаго на плошчу святога Пятра выйшлі, узяўшыся за рукі, юнакі і дзяўчаты, каб сваім сімвалічным жэстам звярнуцца да ўсяго свету з пасланнем міру і братэрства.

11 чэрвеня 2023, 06:32