Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: навука павінна збліжаць людзей і служыць міру

Быць навукоўцамі – гэта пакліканне, а разам з тым місія, асаблівая форма любові: інтэлектуальная, - напісаў Папа да ўдзельнікаў міжнароднай сустрэчы на тэму Навука для міру.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Форум праходзіць з 30 чэрвеня па 1 ліпеня 2023 года ў італьянскім горадзе Тэрама. Ён быў арганізаваны мясцовай дыяцэзіяй у супрацоўніцтве з Папскай акадэміяй навук на тэму “Новыя вучні пазнання: навуковы метад у перыяд змены эпох”.

Пантыфік спаслаўся на благаслаўлёнага Антоніа Разміні, звяртаючы ўвагу навукоўцаў на фундаментальную сувязь паміж праўдай і любоўю. Пошук праўды – гэта неад’емная частка сапраўднага міласэрнага служэння, у той час як любоў вядзе чалавека да пазнання праўды і адкрытасці на дар Бога.

Святы Айцец заклікаў навукоўцаў садзейнічаць збліжэнню людзей, дапамагаць ім “думаць па вялікаму”, а таксама падкрэсліў, што толькі гармонія паміж ведамі і любоў, паміж верай і розумам можа стварыць культурныя і сацыяльныя мадэлі, якія будуць па-сапраўднаму адпавядаць патрэбам чалавецтва. У праўдзе і любові ляжыць шлях да міру, а даследаванні, асвечаныя праўдай у любові закладаюць усё больш трывалую аснову для пабудовы мірнага грамадства, - нагадаў у сваім пасланні Францішак.
 

30 чэрвеня 2023, 12:48