Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Святы Айцец: сацыяльная справядлівасць – аснова міра

Годнасць чалавека, салідарнасць і субсідыярнасць павінны знаходзіцца ў аснове намаганняў, якія прыкладаюцца на карысць сацыяльнай справядлівасці, - падкрэсліў Францішак.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі працы – штогадовага форума Міжнароднай арганізацыі працы, які прайшоў у Жэневе. 14 чэрвеня 2023 года яго зварот зачытаў кардынал П’етра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.

“Апостальская Сталіца працягвае падтрымліваць усе намаганні па прасоўванні сацыяльнай справядлівасці, асабліва ў месцах працы, даючы свае сродкі ў распараджэнне міжнароднай супольнасці, і перш за ўсё, дзелячыся сацыяльным вучэннем Касцёла”, - напісаў Пантыфік.

Згадваючы пра шматлікія канфлікты і нестабільнасць у свеце, Папа выказаў надзею на тое, што Глабальная кааліцыя на карысць сацыяльнай справядлівасці, якая была створана падчас жэнеўскай канферэнцыі, паспрыяе прасоўванню справы міру, бо “прыхільнасць да справядлівасці павінна быць цесна звязана з прыхільнасцю да міру ў сучасным свеце”.

Святы Айцец адзначыў, што такое бачанне можа здавацца ўтапічным для мільёнаў людзей, якія падвяргаюцца эксплуатацыі або выконваюць віды працы, азначаныя на англійскай мове скарачэннем 3D – гэта значыць працу небяспечную (dangerous), брудную (dirty) і прыніжальную (degrading).

Папа заклікаў да салідарнасці ў сферы працы і ўключэння маргіналізаваных як паўнапраўных удзельнікаў у працэс прыняцця рашэнняў, каб дасягнуць больш надзейнага міру ў нашых грамадствах, знаходзячы магчымасці, каб сацыяльная справядлівасць магла паспрыяць барацьбе з прычынамі беднасці, такімі як няроўнасць, беспрацоўе, адсутнасць жылля і адмаўлення сацыяльных правоў і працы. Гэта значыць глядзець далей за эканамічныя і сацыяльныя паказчыкі, - сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што ў аснове намаганняў на карысць сацыяльнай справядлівасці павінны знаходзіцца фундаментальныя прынцыпы сацыяльнага вучэння: годнасць чалавека, салідарнасць і субсідыярнасць.

Павага да чалавечай годнасці патрабуе абароны фундаментальных правоў і дабрабыту ўсіх людзей, уключаючы іх фізічныя, эмацыйныя і духоўныя патрэбы ад зачацця да натуральнай смерці. Салідарнасць дэманструе ўзаемасувязь і ўзаемазалежнасць усіх, спрыяе сапраўдным адносінам і прыняццю адказнасці за бліжняга, асабліва за безабароннага і таго, хто спазнае несправядлівасць. Субсідыярнасць, у сваю чаргу, дазваляе пазбегнуць празмернай канцэнтрацыі ўлады ў адных руках і падтрымаць актыўны ўдзел людзей у будаванні ўласнага лёсу.
 

16 чэрвеня 2023, 11:35