Апублікавана праграма папскага візіту ў Манголію
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Самалёт з Пантыфікам на борце вылеціць з Рыма ў чацвер, 31 жніўня, вечарам, прыкладна ў 18.30, каб прызямліцца ў міжнародным аэрапорце Чынгісхан ва Улан-Батары на наступны дзень, 1 верасня, каля 10.00. На гэты дзень не запланавана ніякіх афіцыйных мерапрыемстваў.
2 верасня раніцай на сталічнай плошчы Сухэ-Батар адбудзецца афіцыйная цырымонія прывітання, пасля чаго Папа адправіцца ў Дзяржаўны палац. Там пройдзе візіт ветлівасці да прэзідэнта Манголіі, а затым, у зале Іх мангол, сустрэча з прадстаўнікамі ўлад, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Святы Айцец звернецца да іх з прамовай.
У той жа дзень, яшчэ ў першай палове дня, Францішак сустрэнецца з старшынёй Вялікага дзяржаўнага хурала – вышэйшага заканадаўчага органа (парламента) Манголіі, а затым з прэм'ер-міністрам краіны.
Вечарам, у катэдры святых Пятра і Паўла, пройдзе сустрэча Пантыфіка з біскупамі, святарамі, місіянерамі, кансэкраванымі асобамі і душпастырскімі супрацоўнікамі
Нядзелю, 3 верасня, Францішак распачне экуменічнай і міжрэлігійнай сустрэчай у сталічным дзяржаўным тэатры. Чакаецца прамова Святога Айца. У 16.00 ён возьме ўдзел у святой Імшы, якая пройдзе на Стэп Арэне, і прамовіць гамілію.
4 верасня Папа сустрэнецца з дабрачынцамі і ўзначаліць урачыстае адкрыццё Дома міласэрнасці. Гэта будзе апошняе афіцыйнае мерапрыемства ў праграме апостальскага падарожжа Францішка ў Манголію.
Апоўдні ён вылеціць у Рым, дзе яго будуць чакаць каля 17.20.
Каталіцкая супольнасць у Манголіі з’яўляецца адной з самых нешматлікіх у Азіі – яна налічвае ўсяго каля 1400 вернікаў. Сёння тут дзейнічаюць 6 парафій. У 2002 годзе была створана апостальская прэфектура Улан-Батара. Яе ўзначальвае італьянскі кардынал Джорджа Марэнга. Яго кафедрай з’яўляецца касцёл святых Пятра і Паўла ва Улан-Батары.