Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: брат, які стукае ў дзверы, варты любові і клопату

Касцёл, каб заставацца прароцкім, павінен ісці шляхам забытых, выходзячы вонкі, загойваючы бальзамам братэрства і міласэрнасці крывацечныя раны тых, хто на сабе носіць раны Хрыстовы, - заўважыў Папа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У дзясятую гадавіну свайго візіту на востраў Лампедуза Францішак напісаў ліст да мясцовага арцыбіскупа Алесандра Даміяна, у якім падкрэсліў неабходнасць аднаўлення пачуцця адказнасці перад абліччам трагедыі мігрантаў у Міжземным моры.

“Гібель нявінных людзей, у асноўным дзяцей, у пошуках больш мірнага існавання, удалечыні ад войнаў і насілля, – гэта балючы і аглушальны крык, які не можа пакінуць нас абыякавымі. Гэта сорам для грамадства, якое больш не ўмее плакаць і спачуваць іншым”, - адзначыў Пантыфік. Ён лічыць, што за дзесяць гадоў мала што змянілася, таму мы і надалей будзем сведкамі “паўтарэння жудасных трагедый у Міжземным моры”.

“Такія нечалавечыя катастрофы, безумоўна, павінны ўзрушыць наша сумленне, таму што Бог усё роўна пытаецца ў нас: “Адам, дзе ты? Дзе твой брат?”. Ці хочам мы па-ранейшаму знаходзіцца ў памылцы, прэтэндаваць на тое, каб паставіць сябе на месца Створцы, дамінаваць, каб абараняць уласныя інтарэсы, парушаць усталявальную гармонію, якая існуе паміж ім і намі?” - запытаўся ў сваім лісце Святы Айцец. 

Ён падкрэсліў неабходнасць змены стаўлення, бо “брат, які стукае ў дзверы, варты любові, прыёму і ўсялякага клопату”, ён, як і я, быў пастаўлены на зямлю, “каб суцяшацца тым, што на ёй існуе, і дзяліцца гэтым у камуніі”.

“У такім кантэксце мы ўсе пакліканы да адноўленага і глыбокага пачуцця адказнасці, салідарнасці і супольнасці”, - падкрэсліў Францішак, заклікаючы адрасатаў свайго ліста “заставацца хрысціянамі, здольнымі ўзбагаціць востраў, які знаходзіцца ў самым сэрцы Mare Nostrum, духоўным багаццем Евангелля, каб ён зноў заззяў у сваёй першапачатковай прыгажосці”.

08 ліпеня 2023, 12:42