Пошук

Францішак сустрэўся з групай маладых пілігрымаў з Польшчы

Папа прыняў на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане каля 150 польскіх пілігрымаў на чале з будучым кардыналам, арцыбіскупам Лодзінскім Гжэгажам Рысем.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Каля 150 удзельнікаў найбуйнейшага польскага касцёльнага руху Святло-Жыццё пабывалі 17 ліпеня 2023 года на прыватнай аўдыенцыі Святога Айца. Рэкалекцыі гэтай супольнасці, вядомай таксама як Аазіс жывога Касцёла, распачаліся ў Рыме 15 ліпеня.

У рамках руху Святло-Жыццё, заснаванага ксяндзом Францішкам Бляхніцкім, моладзь і сем'і на працягу года праходзяць хрысціянскі шлях евангелізацыі і навучання ў парафіях, а таксама ўдзельнічаюць у рэкалекцыях, якія звычайна аб'ядноўваюць людзей з розных куткоў краіны.

Паездка ў Рым і сустрэча з Пантыфікам – самыя важныя этапы рэкалекцый трэцяга ўзроўню для моладзі і сем'яў. Удзельнікам прапануецца паглыбіцца ў таямніцу Касцёла ў яго разнастайнасці, каб знайсці свой шлях у супольнасці вернікаў. Яны даведваюцца пра розныя малітвенныя формы і традыцыі, удзельнічаюць у братэрскіх сустрэчах і адкрываюць для сябе глыбіню хрысціянскай гісторыі і сучаснай рэчаіснасці Касцёла, наведваючы святыні.

18 ліпеня 2023, 10:12