Пошук

Яка Бізіль уручае Папу ўзнагароду Cinema for Peace Яка Бізіль уручае Папу ўзнагароду Cinema for Peace 

Пантыфік атрымаў узнагароду Cinema for Peace

Рэжысёр і праваабаронца Яка Бізіль высока ацэньвае працу Францішка на карысць міру ва Украіне. 27 чэрвеня 2023 года ў Ватыкане ён уручыў Папу ўзнагароду Cinema for Peace, а затым доўга размаўляў з ім.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“За кулісамі ён кожны дзень працуе над мірнымі рашэннямі, робіць шмат тэлефонных званкоў і сам правёў перамовы па некалькіх гуманітарных калідорах, што мала ці зусім не вядома грамадскасці”, - сказаў парталу The Pioneer заснавальнік ініцыятывы Кіно на карысць міру.

“Нягледзячы на ​​ўсе праблемы са здароўем, Папа валодае неверагоднай сілай волі”, - заўважыўславенскі рэжысёр. Ён таксама распавёў пра ўдзячнасць шматлікіх людзей, якіх ён сустрэў падчас здымак ва Украіне, асабіста Святому Айцу. 

“Францішак сапраўды з’яўляецца вялікім узорам для пераймання, і мы павінны маліцца за яго так, як ён заўсёды просіць – незалежна ад таго, ходзім мы ў касцёл ці не”, - лічыць Бізіль.

“Для нас вялікі гонар уручыць Вам, Святы Айцец, гэтую ўзнагароду. (...) Мільёны людзей ускладаюць на Вас вялікія надзеі, Вы з’яўляецеся натхненнем для гэтых людзей”, - сказаў рэжысёр падчас сустрэчы з Пантыфікам, назваўшы яго “найважнейшым чалавекам міру ў свеце”. Папа падзякаваў яму і папрасіў: "Маліцеся за мяне. Мне патрэбныя вашы малітвы".

Падчас уручэння прэміі Бізіль таксама згадаў забітых ва Украіне дзяцей. Ён прызнаўся, што асабліва думае пра аднагадовага хлопчыка, які загінуў у выніку расійскага ракетнага абстрэлу ў сакавіку 2022 года. 27 чэрвеня ў Рыме на паказе фільма Свабода ў агні – Барацьба Украіны за свабоду прысутнічаў бацька хлопчыка. Францішак ужо бачыў гэты фільм у Ватыкане ў лютым і сустракаўся з гэтай нагоды з украінскімі ахвярамі вайны.

Яка Бізіль, кінапрадзюсар, аўтар і праваабаронца, з'яўляецца заснавальнікам ініцыятывы Cinema for Peace, накіраванай на падтрымку гуманітарных мэт праз кіно. Яна ўзнікла ў 2002 годзе ў адказ на тэрарыстычныя акты 11 верасня 2001 года. З 2008 года штаб-кватэра некамерцыйнага фонду Cinema for Peace знаходзіцца ў Берліне, дзе раз на год праводзіцца ўручэнне аднайменнай прэміі.

05 ліпеня 2023, 11:16