Пошук

Святы Францішак Асізскі зацвярджае Правіла Святы Францішак Асізскі зацвярджае Правіла 

Пантыфік: Правіла святога Францішка – дар Касцёлу на ўсе часы

Святы Айцец напісаў прадмову да кнігі Здзіслава Юзафа Кіяса У віры жыцця (Brulicante di vita), прысвечанай 800-годдзю Правіла святога Францішка, якое з’яўляецца духоўнай нормай жыцця для францішканаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У папскай прадмове гаворыцца аб тым, што святы Францішак Асізскі прапануе сваім братам і паслядоўнікам у якасці ўзору для пераймання не сябе, а Хрыста. Езус – адзіны настаўнік, па слядах якога трэба ісці.

На думку Папы, прастата і дух Правіла - гэта ўніверсальны дар Касцёлу на ўсе часы і без межаў. Кожны чалавек можа прытрымлівацца яго, не адмаўляючыся ад свайго паходжання і культуры. Правіла святога Францішка заклікае да гасціннасці, слухання, клопату і братэрства, запрашае чэрпаць у Евангеллі сілу і натхненне для жыцця супольнасці, адкрытай для блізкага.

Правіла (Рэгула) святога Францішка – гэта компас, які арыентуе і суправаджае ў жыццёвым падарожжы, - лічыць Святы Айцец. Яно нікога не падзяляе і не супрацьпастаўляе, а паказвае сумесны шлях, таму што заснавана на ўсеагульнай любові Езуса да ўсіх. Кожны чалавек, нягледзячы на цяжкасці, уздымы і падзенні, разумее, што ён не самотны, што ўсе мы звязаны адно з адным, і Касцёл – гэта дом кожнага.

Правіла святога Францішка заклікае развіваць нашу чалавечнасць, развіваць адносіны з Богам і людзьмі, клапаціцца аб іншых і любіць іх, а таксама пазбаўляцца ўсяго, што можа абцяжарваць нас духоўна альбо фізічна, - гаворыцца ў прадмове.

Сам святы жыў у адпаведнасці з Правілам, скіраваўшы погляд да Бога, клапоцячыся пра бедных і адрынутых, якіх ён называў “братамі хрысціянамі", а таксама пра наш агульны дом.

Правіла святога Францішка дазваляе, паступова ступаючы па слядах Хрыста, развіваць "схільнасць да ўсяго добрага". “Гэта шлях, які робіць нас адкрытымі для Бога і людзей, дае магчымасць паляцець у неба, якое вітае ўсю чалавечую сям'ю, жыць у міры і радасці, са свабодным і адкрытым сэрцам, з соллю любові Езуса. Гэтая соль – сапраўдны плён Правіла”, - гаворыцца ў прадмове Папы Францішка.

27 ліпеня 2023, 12:36