Папа да законніц: не бойцеся геаграфічных і экзістэнцыяльных меж
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа запэўніў гасцей, што ведае, які доўгі шлях прайшла іх супольнасць разам з іншымі членамі сям'і кларэтынцаў і людзьмі, якія падзяляюць іх жыццё і місію.
Пантыфік спаслаўся на евангельскі ўрывак пра вучняў з Эмаус, якія сустрэлі на дарозе ўваскрослага Езуса, запрасіўшы Яго павячэраць з імі хлебам і віном. Пасля гэтага, цалкам перамяніўшыся пад уздзеяннем Яго слоў і жэстаў, яны пайшлі, каб абвясціць радасную Навіну. На думку Францішка, гэтая евангельская гісторыя змяшчае ўсе асноўныя элементы Сінадальнага працэсу, які адбываецца сёння ў Касцёле: сустрэчу, удзел, дыялог, камунію і місію.
Святы Айцец падзякаваў законніцам за гатоўнасць далучыцца да гэтага Касцёльнага падарожжа, за імкненне слухаць і абвяшчаць Евангелле паўсюль, дзе б яны ні прысутнічалі.
Пантыфік адзначыў тры аспекты, якія характарызуюць пакліканне манахінь гэтай кангрэгацыі: яна марыянская, місіянерская і кларэтынская. Беззаганнае Сэрца Марыі суправаджае іх, паказваючы на Езуса і кажучы: "Тое, што Ён скажа вам, зрабіце” (Ян 2, 5). Як місіянеркі, яны пакліканы несці пасланне Езуса, увасабляючы словы і жэсты Пана, каб зрабіць Яго Валадарства любові магчымым у гэтым свеце. Нарэшце, як кларэтынкі, яны з’яўляюцца паслядоўніцамі місіянера Антонія Кларэта, які служыць ім узорам евангелізацыйнага запала, місіянерскай смеласці і сыноўніх адносін да Марыі.
Папа заахвоціў законніц “пастаянна паглыбляцца ў карані кангрэгацыі, у спадчыну, якую яны закліканы перадаць іншым, "заразіўшы" іх радасцю Евангелля. “Не бойцеся перасякаць геаграфічныя і экзістэнцыяльныя межы, як гэта рабіў айцец Кларэт, каб усе ведалі пра поўнае любові сэрца Пана. Сённяшнія Касцёл і свет маюць тэрміновую патрэбу ў вашым верным і смелым сведчанні аб кансэкраваным жыцці”, - завяршыў сваю прамову Францішак, пажадаўшы манахіням плённага і творчага Капітула.