Папа нагадаў пра сувязь пакаленняў, клімат, міграцыю і вайну
Марыя Валодзіна – Vatican News
Святы Айцец заклікаў маліцца за бабуль, дзядуль і ўнукаў у Сусветны дзень пажылых і напярэдадні Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне. “Гэтыя Дні з'яўляюцца запрашэннем стварыць саюз паміж пакаленнямі, які так неабходны, таму што будучыня будуецца разам, у абмене досведам і ўзаемным клопаце маладых і пажылых людзей. Давайце не будзем забываць пра іх!”
Папа ўзгадаў экстрэмальныя кліматычныя з'явы, такія як анамальныя хвалі спякоты ў многіх краінах і паводкі ў Паўднёвай Карэі, выказаў сваю блізкасць да ахвяр і заклікаў кіраўнікоў краін зрабіць нешта больш канкрэтнае для абмежавання выкідаў забруджвальных рэчываў: “Гэта надзённая задача, і яе нельга адкладаць, яна тычыцца ўсіх. Давайце абаронім наш агульны дом!”
Францішак звярнуўся да ўрадаў краін Еўропы і Афрыкі з просьбай аб дапамозе тысячам мігрантаў, якія на працягу некалькіх тыдняў сутыкаюцца з невымоўнымі пакутамі ў пустынных раёнах Паўночнай Афрыкі. “Я звяртаюся з заклікам, асабліва да кіраўнікоў еўрапейскіх і афрыканскіх дзяржаў і ўрадаў, аказаць тэрміновую дапамогу гэтым братам і сёстрам. Хай Міжземнамор'е ніколі больш не будзе тэатрам смерці і бесчалавечнасці! Хай Пан асвяціць розумы і сэрцы ўсіх, абуджаючы пачуццё братэрства, салідарнасці і гасціннасці!” – звярнуўся Святы Айцец.
Напрыканцы прамовы Папа аднавіў заклік “маліцца за мір, асабліва за дарагую Украіну, якая працягвае пакутаваць ад смерці і разбурэння”, згадаўшы ракетны ўдар па Адэсе, які адбыўся мінулай ноччу.