Папа наведаў ватыканскі дзіцячы лагер
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сёлетні летні лагер, арганізаваны для дзяцей ватыканскіх супрацоўнікаў, наведвае каля 250 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 5 да 13 гадоў. Удзельнікі падзелены на тры групы, якія адрозніваюцца адна ад адной колерам футболак. Летнік размясціўся ў Зале Паўла VI, дзе звычайна праходзяць папскія аўдыенцыі. Дзецьмі займаюцца дасведчаныя педагогі і маладыя аніматары на чале з ксяндзом Франка Фантана, настаяцелем салезіянскай супольнасці ў Ватыкане.
Раніцай 18 ліпеня 2023 года лагер наведаў Папа Францішак. Маленькія хлопчык і дзяўчынка ўручылі яму вялікі малюнак з надпісам на англійскай мове: You help us to bee heroes (Ты дапамагаеш нам быць гераічнымі пчоламі). З дапамогай вобразаў пчол і супергерояў салезіяне спадзяюцца навучыць дзяцей братэрскім адносінам, даверу і супольнаму жыццю. Акрамя плаката, Святы Айцец атрымаў кардонны медальён з надпісам Герой.
У размове з дзецьмі Францішак падкрэсліў неабходнасць пачуцця падзякі да бацькоў, каштоўную ролю "супергерояў" – мудрых бабуль і дзядуль, а таксама неабходнасць здаровых адносін з лічбавымі тэхналогіямі.
У мінулую нядзелю, 16 ліпеня, напрыканцы сустрэчы з вернікамі падчас малітвы Анёл Панскі, Святы Айцец падзякаваў усім парафіям, святарам, манахіням і аніматарам, якія ў гэты перыяд “праводзяць летнія мерапрыемствы з дзецьмі і падлеткамі”. У Ватыкане таксама ёсць дзіцячы лагер, які “вельмі цэніцца”, - сказаў Францішак.