Пошук

Пажар на Сіцыліі Пажар на Сіцыліі 

Папа спачувае пацярпелым ад пажараў і паводкаў у Грэцыі і Італіі

У дзвюх тэлеграмах Францішак выказаў сваю блізкасць да тых, хто пакутуе ад лясных пажараў у Грэцыі і моцных ліўняў у Італіі. Ён падзякаваў пажарным і выратавальнікам, а таксама заклікаў да актыўных намаганняў па абароне клімату.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У тэлеграме, падпісанай 28 ліпеня 2023 года Дзяржсакратаром П'етра Паралінам і накіраванай на імя старшыні Біскупскай Канферэнцыі Грэцыі, біскупа Пэтраса Стэфану, Папа выказаў "глыбокую заклапочанасць у сувязі з небяспекай для жыцця і разбурэннямі, выкліканымі маштабнымі ляснымі пажарамі, распаўсюджанымі ў розных частках Грэцыі і за яе межамі ў выніку спякоты, якая нанесла вялікую шкоду шэрагу еўрапейскіх краін".

Святы Айцец запэўніў усіх пацярпелых “у сваёй духоўнай блізкасці і малітве аб тым, каб Усемагутны Бог благаславіў намаганні пажарных і іншых супрацоўнікаў выратавальных службаў, якія вядуць барацьбу з гэтай надзвычайнай сітуацыяй”, - гаворыцца ў тэлеграме.

Папа таксама выказаў спадзяванне на тое, што пагрозы для нашага агульнага дома, якія пагаршаюцца цяперашнім кліматычным крызісам, заахвоцяць усіх людзей аднавіць свае намаганні па ахове навакольнага асяроддзя дзеля будучых пакаленняў.

У тэлеграме на імя старшыні Біскупскай Канферэнцыі Італіі, кардынала Матэа Дзупі, Папа выказаў спачуванні з нагоды праліўных дажджоў і пажараў, якія ў апошнія дні прывялі да разбурэнняў у некаторых раёнах Італіі. Ён запэўніў у сваёй блізкасці да ўсіх тых, хто пацярпеў ад прыродных катаклізмаў, “якія падкрэсліваюць неабходнасць прыкладаць смелыя і дальнабачныя намаганні" для вырашэння праблем, звязаных са зменай клімату і адказна абараняць навакольнае асяроддзе, клапоцячыся пра агульны дом.

У тэлеграме адзначаецца, што Святы Айцец моліцца аб тым, каб "Пан, праз заступніцтва Панны Марыі, мог прынесці суцяшэнне ўсім тым, хто пакутуе ад наступстваў сур'ёзных стыхійных бедстваў". Ён таксама выказаў сваю ўдзячнасць тым, хто аказвае дапамогу, асабліва пажарным.

29 ліпеня 2023, 10:48