Пошук

Святы Тамаш Аквінскі Святы Тамаш Аквінскі   (© Biblioteca Apostolica Vaticana)

Папа: Тамаш Аквінскі не пышыўся ведамі, заўсёды навучаў любоўю

"Чалавек Касцёла", святар і лекар, які дзяліўся "велізарнай духоўнай і чалавечай мудрасцю" праз свае малітвы і працы, - напісаў Францішак пра святога Тамаша Аквінскага.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

11 ліпеня 2023 года быў апублікаваны ліст Папы на лацінскай мове, якім ён прызначае кардынала Марчэла Сэмерара, прэфекта Дыкастэрыі па справах кананізацыі, сваім спецыяльным пасланнікам на святкаванне 700-годдзя кананізацыі Анёльскага доктара, якое пройдзе 18 ліпеня 2023 года ў абацтве Фосанова, у італьянскай правінцыі Лаціна.

Дамініканец "ніколі не пышыўся ведамі, але заўсёды навучаў любоўю", быў "поўны цудоўнай культуры", - падкрэсліў Пантыфік у лісце, датаваным 30 чэрвеня 2023 года. Ён адрозніваўся праведным розумам і праніклівасцю, і, пабожна вывучаючы Боскія таямніцы, сузіраў іх з гарачай верай”.

Акрамя 700-годдзя кананізацыі, у 2024 годзе будзе адзначацца 750-годдзе з дня смерці Тамаша Аквінскага, а ў 2025 годзе – 800-годдзе з дня яго нараджэння.

Тамаш Аквінскі, несумненна, адзін з найвялікшых заходніх мысляроў. Ён нарадзіўся каля 1224 года ў замку сваіх бацькоў у Рокасека на поўдні Італіі. Выхаваны бенедыктынцамі ў Монтэ-Касіна, уступіў у Дамініканскі ордэн. Пасля перыяду станаўлення пачаў працаваць выкладчыкам. Актыўна дзейнічаў, між іншым, у Кёльне, Парыжы і ва ўніверсітэцкіх гарадах Італіі. Памёр у 1274 годзе па дарозе на Ліёнскі сабор. Кананізаваны ў 1323 годзе.

На працягу стагоддзяў Тамаш Аквінскі з’яўляецца для Каталіцкага Касцёла адным з найважнейшых арыенціраў у тлумачэнні веры. Яго таксама цэняць як філосафа, асабліва калі гаворка ідзе пра метафізіку, эпістэмалогію і этыку. Спадчына святога ўключае ў сябе не толькі каментары да Бібліі і тэалагічная трактаты, але і тлумачэнне прац антычных філосафаў, а таксама самастойныя філасофскія сачыненні.
 

12 ліпеня 2023, 10:14