Пошук

2022.10.27 croce - fede

Папа заснаваў Камісію па справах навамучанікаў – сведак веры

Да Юбілею 2025 года Папа вырашыў стварыць працоўную групу пры Дыкастэрыі па справах кананізацыі для складання каталога ўсіх тых, хто праліў сваю кроў за Хрыста за апошнюю чвэрць стагоддзя. Пошук распаўсюдзіцца на ўсе хрысціянскія канфесіі, а не толькі на католікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Мучанікі ў Касцёле, - напісаў Францішак, - з'яўляюцца сведкамі надзеі, якая паходзіць з веры ў Хрыста і пабуджае да сапраўднай любові. Надзея падтрымлівае глыбокую ўпэўненасць у тым, што дабро мацнейшае за зло, бо Бог у Хрысце перамог грэх і смерць”. 

Камісія будзе працягваць даследаванне, распачатае з нагоды Вялікага Юбілею 2000 года, каб выявіць сведак веры ў першай чвэрці бягучага стагоддзя, а затым працягваць яго ў будучыні.

“Мучанікі, - патлумачыў Святы Айцец у адмысловым лісце, - суправаджалі жыццё Касцёла ва ўсе часы і квітнеюць як “спелы і выдатны плод вінаграднай лазы Пана” нават сёння... Мучанікаў у наш час больш, чым у першыя стагоддзі: гэта біскупы, святары, кансэкраваныя мужчыны і жанчыны, свецкія людзі і сем’і, якія ў розных краінах свету дарам свайго жыцця прынеслі найвышэйшы доказ любові”. 

Святы Ян Павел ІІ у сваім Лісце Tertio millennio adveniente сцвердзіў, што трэба зрабіць усё, каб спадчына “невядомых жаўнераў вялікай Божай справы” не была страчана. А 7 мая 2000 года навамучанікі згадваліся падчас экуменічных цэлебрацый, на якую у Калізеі разам з Біскупам Рыма сабраліся прадстаўнікі Цэркваў і касцёльных супольнасцей з усяго свету.

Гэта тое, што Францішак неаднаразова называў экуменізмам крыві. “Таксама ў наступны Юбілей, - дадаў Папа, - мы аб’яднаемся ў такой жа цэлебрацыі. Гэта ініцыятыва не мае на мэце ўстанавіць новыя крытэрыі кананічнай ацэнкі мучаніцтва; яна павінна падтрымаць пачатае даследаванне жыцця тых, каго да сённяшняга дня працягваюць забіваць толькі таму, што яны хрысціяне”. 

“Такім чынам, гаворка ідзе пра тое, - патлумачыў Пантыфік, - каб даць працяг гістарычнаму даследаванню, сабраць сведчанні жыцця, аж да праліцця крыві, нашых братоў і сясцёр, каб памяць пра іх стала скарбам, які захоўвае хрысціянская супольнасць. Даследаванне закране не толькі Каталіцкі Касцёл, але распаўсюдзіцца на ўсе хрысціянскія канфесіі”.

“Нават у наш час, - працягнуў у сваім лісце Папа, - калі мы назіраем змену эпох, хрысціяне працягваюць праяўляць, ва ўмовах вялікай рызыкі, жыццёвую сілу хросту, які нас аб'ядноўвае. Сярод іх не мала тых, хто, нягледзячы на ўсведамленне небяспекі, якой яны падвяргаюцца, сведчаць аб сваёй веры і ўдзельнічаюць у нядзельнай Эўхарыстыі. Іншыя гінуць, імкнучыся з любові выратаваць жыццё бедных, клапоцячыся пра тых, каго грамадства адрынула, ахоўваючы і пашыраючы дар міру і сілу прабачэння. Астатнія, як асобныя людзі, так і цэлыя групы, з'яўляюцца маўклівымі ахвярамі гістарычных узрушэнняў. Перад усімі імі мы ў вялікім даўгу, мы не можам пра іх забыць".

У інтэнцыі Францішка, праца Камісіі, дзякуючы шматлікім дакументальным сведчанням, павінна даць магчымасць разам з мучанікамі, афіцыйна прызнанымі Касцёлам, паставіць “у шырокай панараме” братоў і сясцёр навамучанікаў. Камісія павінна будзе скарыстацца “актыўным укладам” асобных Касцёлаў, манаскіх інстытутаў, іншых хрысціянскіх канфесій.

“У свеце, дзе часам здаецца, што зло пераважае, - заключыў Папа, - я ўпэўнены, што распрацоўка гэтага Каталога, таксама ў кантэксце надыходзячага Юбілею, дапаможа вернікам прачытаць наш час у святле Пасхі, здабываючы са скарбніцы настолькі шчодрай вернасці Хрысту падставы для жыцця і дабра”.

05 ліпеня 2023, 12:16