Cвяты Айцец заснаваў Фонд кардынала Ван-Тхуана
Марыя Валодзіна - Vatican News
25 ліпеня 2023 года ўступіў у сілу рэскрыпт Францішка аб ліквідацыі фондаў Добры Cамаранін і Справядлівасць і мір, у адпаведнасці з канонам 120 Кодэкса кананічнага права Касцёла, і заснаванні Фонда кардынала Ван-Тхуана (Fondazione Van Thuân).
Новая арганізацыя названа ў гонар в'етнамскага кардынала, які з 1998 года да сваёй смерці ў 2002 годзе ўзначальваў тагачасную Папскую раду Justitia et Pax. У 1975 годзе Франсуа-Ксаўе Нгуен Ван-Тхуан быў арыштаваны камуністычнымі ўладамі В'етнама і правёў трынаццаць гадоў у турэмным зняволенні. У цяперашні час ідзе працэс яго беатыфікацыі.
У дакуменце, які Папа ўхваліў 3 ліпеня 2023 года падчас аўдыенцыі з прэфектам Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардыналам Майклам Чэрным, гаворыцца, што маёмасць ліквідаваных фондаў Добры Самаранін і Справядлівасць і мір пераходзіць да нядаўна створанага Фонду кардынала Ван-Тхуана.
Фонд Добры Самаранін быў заснаваны ў 2004 годзе Папам Янам Паўлам II з мэтай дапамогі насельніцтву Афрыкі і іншых краін свету ў барацьбе з такімі захворваннямі, як СНІД, малярыя і сухоты. Што тычыцца фонду Справядлівасць і мір, то ён быў створаны Бэнэдыктам XVI у 2007 годзе для падтрымкі гуманітарных ініцыятыў у краінах у стадыі развіцця, у тым ліку з мэтай заснавання стыпендыі для студэнтаў, якія даследуюць сацыяльнае вучэнне Касцёла.