Пошук

Астранамічная абсерваторыя ў Кастэль-Гандольфа Астранамічная абсерваторыя ў Кастэль-Гандольфа  (H. Raab)

Ватыканская абсерваторыя зноў адкрыецца для наведвальнікаў

3 жніўня 2023 года ватыканская астранамічная абсерваторыя ў Кастэль-Гандольфа зноў адкрыецца для публікі. У экспазіцыі – астранамічныя інструменты, месяцавыя камяні, метэарыты, рэдкія тэксты і фотаздымкі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Адна з найстарэйшых астранамічных абсерваторый у свеце запрашае наведвальнікаў пазнаёміцца з новай экскурсійнай праграмай, распрацаванай у супрацоўніцтве з Ватыканскімі музеямі. Акрамя садоў і апостальскага палаца, яны змогуць наведаць музейную экспазіцыю Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі і пабываць пад яе купаламі, дзе месцяцца старажытныя тэлескопы Carte du Ciel і Schmidt. Дасведчаныя астраномы распавядуць пра старажытныя і сучасныя астранамічныя прылады, месяцавыя камяні і метэарыты, рэдкія тэксты, фотаздымкі, мастацкія творы на касмічную тэму.

Ватыканская абсерваторыя – гэта навукова-даследчы інстытут Святога Пасада. Пачатак яе працы датуецца канцом XVI стагоддзя, калі Папа Грыгорый XIII запрасіў астраномаў і матэматыкаў падрыхтаваць каляндарную рэформу 1582 года. Штаб-кватэра абсерваторыі знаходзіцца ў Кастэль-Гандольфа, таму што электрычнае асвятленне сталіцы робіць рымскае неба непрыдатным для даследвання зорак. Ватыканская даследчая група працуе таксама ва Універсітэце Арызоны, дзе на гары Грэм знаходзіцца яшчэ адзін ватыканскі тэлескоп VATT. Ватыканская абсерваторыя супрацоўнічае з многімі міжнароднымі астранамічнымі арганізацыямі. З 1986 года ў Кастэль-Гандольфа праводзіцца Летняя школа астраноміі.

27 ліпеня 2023, 14:28