Францішак анансаваў выйсце другой часткі Laudato si’
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Паслязаўтра, 1 верасня, будзе адзначацца Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, які дасць пачатак Часу для стварэння, што будзе працягвацца да 4 кастрычніка, свята святога Францішка Асізскага”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што ў гэты дзень ён мае намер абнародаваць адгартацыю, якая стане “другой Laudato si’“.
Пантыфік заклікаў вернікаў злучыцца з хрысціянам іншых канфесій у клопаце пра прыроду, разумеючы яе як дар Стварыцеля. “Неабходна стаць на бок ахвяр экалагічнай і кліматычнай несправядлівасці, намагаючыся пакласці канец бессэнсоўнай вайне супраць нашага супольнага дома, якая з’яўляецца жудаснай сусветнай вайной. Заклікаю ўсіх вас працаваць і маліцца, каб ён зноў быў напоўнены жыццём“, - сказаў Святы Айцец.
Напрыканцы аўдыенцыі, Францішак скіраваў свае думкі да ўкраінскага народа. “Прашу вас, давайце адновім нашу блізкасць і нашу малітву за дарагую і змучаную Украіну, якая перажывае цяжкія пакуты”, - сказаў Папа.