Пошук

Францішак да духавенства: Касцёл павінен быць бяспечнай гаванню

Быць бяспечнай гаванню для тых, хто сутыкаецца з жыццёвымі штормамі і караблекрушэннямі, пажадаў Францішак Каталіцкаму Касцёлу ў Партугаліі.

Марыя Валодзіна – Vatican News

2 жніўня 2023 года Святы Айцец узначаліў малітву Нешпараў, якая прайшла ў старажытным кляштару еранімітаў Жэранімум у Лісабоне.

У сваёй прамове да біскупаў, святароў, дыяканаў, кансэкраваных асоб, семінарыстаў і душпастырскіх супрацошнікаў Пантыфік прызнаўся, што прыгажосць партугальскай зямлі з яе пышнымі далінамі, залатым узбярэжжам і бязмежным акіянам, нагадала яму пакліканне першых вучняў, якое адбылося на берагах Галілейскага мора. Праходзячы міма, Езус "убачыў два чаўны, якія стаялі на беразе возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі" (Лк 5,2). Затым Езус увайшоў у човен Сымона, пагаварыў з натоўпам і змяніў жыццё гэтых рыбакоў, запрасіўшы іх зноў закінуць сеткі. Папа звярнуў увагу слухачоў на кантраст: з аднаго боку, рыбакі сышлі з чоўна, каб прапаласкаць пустыя сеткі і вярнуцца дадому, з іншага боку, Езус увайшоў у човен і прапанаваў зноў кінуць сеткі для ўлову.

Рыбакі стаміліся і змірыліся, ім здавалася, што застаецца толькі адно: вярнуцца дадому з пустымі рукамі. Часам у Касцёле таксама можна адчуць такую ж стомленасць, калі здаецца, што мы сціскаем у руках пустыя сеткі. “Гэта даволі распаўсюджанае пачуццё ў краінах старажытнай хрысціянскай традыцыі”, пазначаных секулярызмам, абыякавасцю да Бога, адрывам ад веры, - папярэдзіў Францішак.

Сітуацыя пагаршаецца скандаламі, якія псуюць твар Касцёла і вядуць да расчаравання і гневу. У такія часы, замест сыходу з чоўна, неабходна даверыць Пану свае слабасці і слёзы, каб потым з адкрытым сэрцам шукаць усім разам новы шлях наперад, упэўненыя ў падтрымцы Езуса, Які і сёння абуджае надзею.

На думку Папы, пакліканне сённяшняга Касцёла – зноў з энтузіязмам кінуць сеткі і абняць свет надзеяй Евангелля. Не час спыняцца і здавацца, выцягваць човен на бераг або азірацца назад, наадварот – час адправіцца ў мора евангелізацыі і місіі.

Для гэтага трэба зрабіць правільны выбар, натхнёны Евангеллем. Па-першае, выйсці ў адкрытае мора. Каб зноў кінуць сеткі, мы павінны пакінуць бераг і адважыцца несці Евангелле ў свет, каб яно дасягнула ўсіх, каб было зразумелым для ўсіх.

Па-другое, весці душпастырства ўсім разам. Езус кажа ў множным ліку: "Закіньце сеткі" (Лк 5,4). Гэта азначае сінадальнасць, зносіны, узаемадапамогу, агульны шлях. У чоўне Касцёла павінна быць месца для ўсіх: усе ахрышчаныя закліканы ўвайсці ў яго і закінуць сеткі, удзельнічаць у абвяшчэнні Евангелля. Ва ўмовах, калі святароў становіцца ўсё менш і менш, прыцягненне да душпастырства свецкіх вернікаў можна разглядаць як магчымасць, - лічыць Папа.

Касцёл патрабуе дыялогу, сумеснай адказнасці і ўдзелу. Усе павінны дапамагаць адно аднаму, падтрымліваць адно аднаго і спрыяць атмасферы канструктыўнага братэрства. Папа параўнаў Касцёла з кальсадай – партугальскім тратуарам, вымашчаным чорнымі і белымі камянямі. Усе ахрышчаныя – гэта камяні, якія выкарыстоўваюцца для будаўніцтва Касцёла. Калі хоць аднаго з іх не хапае, гэта адразу становіцца прыкметна.

Трэці прынцып, на неабходнасць якога звярнуў увагу Пантыфік, стаць лаўцамі людзей. Выцягваць людзей з бездані – значыць дапамагаць тым, хто тоне, ратаваць іх ад зла і смерці. “Евангелле, па сутнасці, з'яўляецца абвяшчэннем жыцця ў моры смерці, свабоды ў вірах рабства, святла ў бездані цемры”, - адзначыў Святы Айцец.

У сучасным грамадстве, у тым ліку і ў Партугаліі, шмат цемры: нявызначанасць, эканамічная нестабільнасць, безнадзейнасць, адсутнасць сацыяльнага сяброўства. Не хапае энтузіязму, смеласці марыць, сілы супрацьстаяць выклікам, упэўненасці ў будучыні. Касцёлу даручана пагрузіцца ў гэтыя воды, каб выратаваць людзей сеткай Евангелля.

Францішак згадаў слова партугальскага пісьменніка Фернанду Песоа: каб дасягнуць бясконцасці, хопіць аднаго надзейнага порта, з якога можна адпраўляцца ў бясконцасць, і пажадаў партугальскаму Касцёлу быць бяспечнай гаванню для тых, хто супрацьстаіць жыццёвым штормам і караблекрушэнням.

02 жніўня 2023, 20:02