Францішак да юрыстаў: служыце праўдзе і справядлівасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
21 жніўня 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю юрыстаў з дзяржаў-членаў Савета Еўропы, якія 11 чэрвеня 2022 года падпісалі Венскую дэкларацыю аб вяршэнстве закона і незалежнасці судовай улады. У сваім звароце Папа падзякаваў юрыстам за іх важны ўклад у прасоўванне дэмакратыі і павагі да свабоды і чалавечай годнасці. Сацыяльна-эканамічны крызіс, а таксама крызісы ідэнтычнасці і бяспекі кідаюць выклік дэмакратычным краінам Захаду, патрабуючы ад іх эфектыўнага рэагавання. Пры гэтым яны павінны заставацца вернымі сваім прынцыпам, абарона якіх “патрабуе вялікай пільнасці”, - адзначыў Францішак.
Абарона чалавечай годнасці
Страх перад грамадзянскімі беспарадкамі, дэстабілізацыяй і насіллем могуць прывесці да спакусы абмежаваць, прынамсі часова, вяршэнства закона ў спробе знайсці простыя і неадкладныя рашэнні. Але вяршэнства закона не дапускае аніякіх выключэнняў, у тым ліку ў час крызісу, “бо стаіць на службе чалавека і накіравана на абарону годнасці кожнай асобы. Гэта прынцып”, - лічыць Пантыфік.
Цэнтральная роля асобы
На думку Папы, свабодзе і вяршэнству закона ў дэмакратычных краінах пагражаюць не толькі крызісы, але і памылковае ўяўленне аб чалавечай прыродзе. Асновай годнасці кожнай асобы з’яўляецца яе трансцэндэнтнае паходжанне, якое патрабуе павагі да цэнтральнай ролі асобы і забараняе любыя замахі на чалавечую годнасць. У адваротным выпадку ўсё залежыць ад капрызаў і выпадковых рашэнняў. Страта трансцэндэнтнага вымярэння пагражае Еўропе стратай яе "гуманістычнага духу", - папярэдзіў Святы Айцец.
Правы і абавязкі чалавека
Францішак звярнуў увагу на тэндэнцыю сучаснага грамадства "патрабаваць усё больш і больш індывідуальных правоў, забываючы, што кожны чалавек з'яўляецца часткай сацыяльнага кантэксту, у якім яго правы і абавязкі звязаны з правамі і абавязкамі іншых, а таксама з агульным дабром усяго грамадства". Недакладнае разуменне канцэпцыі правоў чалавека могуць зрабіць людзей ахвярамі "дыктатуры рэлятывізму", "этычных сістэм, якім не хапае дабрыні, інтэлектуальных дыскурсаў, пазбаўленых мудрасці", - папярэдзіў Святы Айцец.
Адвакацкая таямніца
Папа разумее і падзяляе заклапочанасць юрыстаў у сувязі з парушэннямі фундаментальнага прынцыпу прафесійнай таямніцы у некаторых краінах. “Важна, каб наша грамадства захоўвала формы канфідэнцыйных зносін, у якіх людзі могуць сказаць праўду і скласці з сябе цяжар адказнасці”, - адзначыў Францішак, правёўшы паралель паміж таямніцай споведзі ў Касцёле і адвакацкай таямніцай.
Навакольнае асяроддзе
Папа падзякаваў еўрапейскім юрыстам за клопат па захаванню "Зямлі, нашага агульнага дома", а таксама за "гатоўнасць працаваць над нарматыўнай базай, накіраванай на абарону навакольнага асяроддзя". "Я працую над другой часткай Laudato si”, - дадаў ён.
Францішак заклікаў еўрапейскіх юрыстаў "праяўляць настойлівасць у ажыццяўленні сваёй прафесіі, накіраванай на служэнне праўдзе і справядлівасці, неабходным для ўмацавання міру ва ўсім свеце і гармоніі ў нашым грамадстве".
Напрыканцы звароту Святы Айцец даверыў сваіх гасцей заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Іва, апекуна юрыстаў.