Пошук

Наступствы расійскага ракетнага ўдару па Пакроўску Наступствы расійскага ракетнага ўдару па Пакроўску  (ANSA)

Францішак: маліцца аб дары міру для змучанай Украіны

Папа скіраваў свае думкі да насельніцтва Украіны, заклікаючы маліцца за мір у гэтай краіне. Ён звярнуўся з адмысловым пасланнем падчас агульнай аўдыенцыі, якая 9 жніўня 2023 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Сёння мы адзначаем свята святой Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн), панны і мучаніцы, апякункі Еўропы: няхай яе сведчанне дасць імпульс намаганням на карысць дыялогу і братэрства паміж народамі, барацьбы супраць усякіх форм насілля і дыскрымінацыі. Яе заступніцтву даверым дарагі ўкраінскі народ, каб як мага хутчэй ён зноў знайшоў мір”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец згадаў пра Украіну таксама вітаючы вернікаў, якія прыбылі ў Ватыкан з Польшчы, і пілігрымаў, якія накіроўваюцца ў марыйны санктуарый на Яснай Гары ў Чэнстахове і ў іншыя месцы, дзе асаблівым чынам ушаноўваецца Багародзіца.

“Давяраю вам прагненне, якое нашу ў сваім сэрцы: прагненне міру ва ўсім свеце. Занясіце яго да Той, якая з’яўляецца Каралевай супакою. Прасіце аб гэтым вельмі каштоўным дары, асабліва для дарагой і змучанай Украіны”, - заклікаў Францішак.
 

09 жніўня 2023, 10:50