Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Францішак: маліцца за змучаны народ Украіны

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, якая прайшла 23 жніўня 2023 года, Францішак выказаў сваю блізкасць Украіне і заклікаў вернікаў маліцца за яе народ.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Заступніцтву святога Барталамея даверым дарагую Украіну, якая з-за вайны праходзіць праз цяжкія выпрабаванні. Браты і сёстры, будзем маліцца за нашых братоў і сясцёр украінцаў. Яны шмат пакутуюць: вайна – жорсткая. Колькі зніклых без вестак дзяцей, колькі загінулых... Прашу вас, давайце будзем маліцца і не забываць пра змучаную Украіну”, - сказаў Папа.

Францішак згадаў, што 24 жніўня ў Касцёле будзе адзначацца ўспамін святога Барталамея. Ён пажадаў, каб яго прыклад “дапамог нам быць шчырымі сведкамі Езуса і з верай пераносіць пакуты, памятаючы пра цярпенні, якія спазналі апосталы Евангелля”.

Вітаючы пілігрымаў з Польшчы, Пантыфік падкрэсліў, што 26 жніўня будзе адзначацца ўрачыстасць Маці Божай Чэнстахоўскай. “Няхая Яна, да якой вернікі здзяйсняюць пілігрымкі як да дому сваёй умілаванай маці, будзе для вас прыкладам слухання і пакорнага разважання над словамі Езуса Хрыста. Такім чынам вы будзеце несці канкрэтнае сведчанне любові да бліжняга, асабліва да ўкраінскага народу, які пакутуе ад вайны”, - сказаў Святы Айцец.

23 жніўня 2023, 11:02