Святы Айцец: ззяць святлом любові Хрыста

Ззяць святлом Хрыста, слухаць Пана і не баяцца, - заклікаў Папа ў гаміліі падчас святой Імшы на заканчэнне Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне. Яна прайшла 6 жніўня 2023 года на тэрыторыі Парку Тэжу, на ўскраіне сталіцы Партугаліі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У гаміліі Францішак спаслаўся на літургічнае евангельскае чытанне на свята Перамянення Пана. Ён параўнаў досвед апосталаў, якіх Езус узяў з сабой на гару Табор, з досведам маладых удзельнікаў СДМ. Святы Айцец заклікаў юнакоў і дзяўчат задумацца: што мы прынясём з сабой, вяртаючыся на раўніну штодзённага жыцця?

На падставе евангельскага ўрыўку пра Перамяненне, Папа адказаў на гэта пытанне трыма словамі: ззяць, слухаць і не баяцца. Ён адзначыў, што на гары Табор аблічча Езуса ззяла як сонца. Святло, якое агарнула апосталаў, падрыхтавала іх да ночы, якую яны павінны будуць перажыць у будучыні, дапамагло ім вытрымаць цяжкасці цёмных гадзін Гефсеманіі і Кальварыі.

Пантыфік адзначыў, што таксама і сучасныя вернікі патрабуюць Божага святла, каб пераадольваць цемру жыцця, штодзённыя паразы і адказваць на іх са святлом Уваскрасення Езуса. Ён падкрэсліў, што мы становімся ззяючымі людзьмі, калі прымаем Езуса і вучымся любіць яе Ён.

Затым Папа заклікаў моладзь слухаць Езуса, у першую чаргу, чытаючы Евангелле. Хрыстус указвае шлях любові і дапамагае адрозніваць яго ад эгаізму, - дадаў Святы Айцец.

Нарэшце Францішак заклікаў юнакоў і дзяўчат не баяцца. “Дарагая моладзь, я хацеў бы паглядзець у вочы кожнаму з вас і сказаць: не бойцеся. Але я скажу вам нешта яшчэ больш прыгажэйшае: не я, але сам Езус глядзіць на вас зараз, Ён ведае вас, ведае сэрца кожнага з вас, ведае жыццё кожнага з вас, ведае радасці, ведае смуткі, ведае поспехі і паразы, ведае вашы сэрцы. І сёння Ён кажа вам у Лісабоне, на гэтых Сусветных днях моладзі: не бойцеся, будзьце мужнымі, не бойцеся”, - сказаў на заканчэнне сваёй гаміліі Пантыфік.
 

06 жніўня 2023, 13:05