Пошук

Францішак паўдзельнічаў у стварэнні муралу і даў парады моладзі

3 жніўня 2023 года Францішак здзейсніў візіт у партугальскую штаб-кватэру сеткі Scholas Occurrentes у горадзе Кашкайс, дзе паўдзельнічаў у стварэнні трохкіламетровага насценнага роспісу – аднаго з самых вялікіх у свеце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа нанёс апошні пласт фарбы на мурал пад назвай Жыццё паміж светамі, у стварэнні якога было задзейнічана больш за дзве тысячы чалавек рознага сацыяльнага, рэлігійнага і нацыянальнага паходжання. Святы Айцец жартаўліва параўнаў мастацкі твор з роспісамі Сікстынскай капэлы ў Ватыкане.

Сустрэча Пантыфіка з маладымі ўдзельнікамі праектаў Scholas Occurrentes прайшла ў фармаце размовы. Францішак выслухаў сведчанні некалькіх юнакоў і дзяўчат розных канфесій і веравызнанняў, а таксама заахвоціў моладзь да супольнага пераадолення крызісаў, падкрэсліваючы, што яны бываюць неабходныя чалавеку для ўзрастання.

Святы Айцец заклікаў маладых людзей чэрпаць натхненне з евангельскай прыпавесці пра Добрага Самараніна: станавіцца падобнымі да яго ў адносінах да ўсіх людзей, аддаючы перавагу чалавечай блізкасці, а не “абрадавай чысціні”. “Часам у жыцці трэба запэцкаць рукі, каб не запэцкаць сэрцы”, - параіў юнакам і дзяўчатам Францішак.

Візіт Папы ў сядзібу Scolas Occurrentes у Лісабоне
03 жніўня 2023, 13:21