Пошук

Біскуп Руі Мануэль Суза Валерыу Біскуп Руі Мануэль Суза Валерыу  (Patriarcado de Lisboa)

Францішак прызначыў новага Патрыярха Лісабона

Біскуп Руі Мануэль Суза Валерыу, манфорцкі місіянер, Вайсковы ардынарый Партугаліі, заменіць на пасадзе Патрыярха Лісабонскага кардынала Мануэля Клементэ, чыю адстаўку прыняў Святы Айцец.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У кіраўніцтве Лісабонскага Патрыярхату адбыліся змены. Пасля дзесяці гадоў пастырскага служэння кардынал Мануэль Клементэ, якому 16 ліпеня 2023 года споўнілася 75 гадоў, падаў 10 жніўня прашэнне аб адстаўцы. Францішак прызначыў на яго пасаду пераемніка.

Новым Патрыярхам сталіцы Партугаліі стаў біскуп Руі Мануэль Суза Валерыу, які нарадзіўся 24 снежня 1964 года ў Віла-Нова-дзі-Арэн у дыяцэзіі Лейрыі-Фацімы. Вывучаў філасофію ў Папскім Латэранскім універсітэце, тэалогію ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце, атрымаў ліцэнцыят па дагматычнай тэалогіі. Праслухаў курс па філалогіі ў рымскім універсітэце La Sapienza і курс па духоўнасці ў Міжнародным манфорцкім цэнтры ў Лёвене (Бельгія).

6 кастрычніка 1990 года ўступіў у Манфорцкае таварыства Марыі. Святарскае пасвячэнне атрымаў 23 сакавіка 1991 года. Займаў розныя пасады ў Італіі і Партугаліі, у тым ліку, пасаду пастара ў Лісабонскім Патрыярхаце і вайсковага капелана ў ваенна-марскім шпіталі Лісабона і ў ваенна-марскім вучылішчы ў Алфэйце. У партугальскім Таварыстве манфорцкіх місіянераў служыў настаўнікам навіцыяў, дарадцам і настаяцелем. 27 кастрычніка 2018 года быў прызначаны Вайсковым ардынарыям Партугаліі. Біскупскае пасвячэнне атрымаў 25 лістапада 2019 года.

11 жніўня 2023, 10:52