Пошук

Францішак журналістам: не паддадзімся ўплыву мовы нянавісці

Папа атрымаў прэмію Гэта – журналістыка (è Giornalismo), якая ўручаецца з 1995 года па ініцыятыве групы вядомых італьянскіх журналістаў і пісьменнікаў. Цырымонія прайшла 26 жніўня 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак прызнаўся, што звычайна адмаўляецца ад прэмій, якія яму прысуджаюцца, але вырашыў прыняць гэту ў сувязі “з тэрміновай патрэбай у канструктыўнай камунікацыі, якая спрыяе культуры сустрэчы, а не сутыкнення; міру, а не вайне; адкрытасці на іншага, а не прадузятасці”.

Святы Айцец заўважыў, што ў наш час людзі каментуюць усё, нават не будучы добра паінфармаванымі. У сувязі з гэтым ён падзяліўся надзеяй на вяртанне да прынцыпу рэальнасці: “рэальнасці фактаў, дынамікі фактаў; якія ніколі не бываюць нязменнымі і заўсёды развіваюцца ў кірунку дабра ці зла, каб пазбегнуць рызыкі ператварэння грамадства інфармацыі ў грамадства дэзынфармацыі”.

“Каб зрабіць гэта, аднак, патрэбна распаўсюджванне культуры сустрэчы, дыялогу, слухання іншага і яго пункту гледжання. Лічбавая культура дала нам шмат новых магчымасцей для абмену меркаваннямі, але ёсць рызыка, што яна зменіць камунікацыю ў слоганы. Мяне непакояць, напрыклад, маніпуляцыі тых, хто мэтанакіравана распаўсюджвае фэйкавыя навіны, каб кіраваць грамадскай думкай. Прашу вас, не будзем паддавацца логіцы супрацьстаяння, не паддадзімся ўплыву мовы нянавісці. У драматычны час, які Еўропа перажывае з працягам вайны ва Украіне, мы пакліканы зрабіць скачок адказнасці. Я спадзяюся, што будзе месца для галасоў міру, для тых, хто намагаецца пакласці канец гэтаму і многім іншым канфліктам, хто не паддаецца “каінавай” логіцы вайны, але працягвае верыць, нягледзячы ні на што, у логіку міру, дыялогу і дыпламатыі”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што ў наш час, “калі гавораць шмат, а слухаюць мала”, Касцёл нанава адкрывае для сябе слова разам, імкнучыся “ісці разам, задаваць пытанні разам, шукаць адказы разам у малітве”. Ён згадаў пра Сінод Біскупаў, які ў кастрычніку пройдзе ў Рыме.

“Я добра разумею, што казаць пра “Сінод аб сінадальнасці” можа здавацца нечым незразумелым, самарэферэнтным, занадта тэхнічным, мала цікавым для шырокай публікі”, - сказаў ён, дадаючы, што сінадальнасць, аднак, гэта “тое, што Касцёл дае свету, часам няздольнаму прымаць рашэнні, нават калі на кон пастаўлена наша выжыванне”.

“Мы імкнёмся навучыцца па новаму жыць нашымі адносінамі, слухаючы адзін аднаго, каб слухаць і наследаваць голас Духа. Мы расчынілі нашы дзверы, мы далі ўсім магчымасць удзельнічаць, мы ўлічвалі патрэбы і парады ўсіх. Мы хочам разам паспрыяць будаванню Касцёла, у якім усе будуць адчуваць сябе дома, у якім ніхто не будзе адчужаны”, - сказаў Францішак.

“Па гэтай прычыне асмельваюся прасіць вас, майстры журналістыкі: дапамажыце мне расказаць пра гэты працэс тое, чым ён насамрэч з’яўляецца, выходзячы за рамкі логікі слоганаў і загадзя падрыхтаваных аповедаў. Гэта будзе карысна для ўсіх, я ўпэўнены, што таксама і гэта – журналістыка!”, - дадаў Папа.
 

26 жніўня 2023, 10:40