Францішак: радасць – місійная, нясіце яе ўсім
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Напачатку малітоўнай вігіліі прагучала некалькі сведчанняў і спеваў, а харэаграфічная група паказала танцавальную пастаноку пра маладога чалавека, які змяніў сваё жыццё і здолеў “заразіць” уласным прыкладам іншых.
Затым да прысутных звярнуўся Францішак. Ён нагадаў моладзі, што пасля Звеставання Марыя не думала пра саму сябе: Яна паспяшыла да сваёй сваячкі Альжбеты, каб дапамагчы ёй і падзяліцца атрыманай радасцю. Папа заўважыў, што радасць з’яўляецца місійнай, яе належыць несці іншым. Калісьці мы таксама атрымалі радасць у сэрца, а падрыхтаваць яго да гэтага дапамаглі нашы бацькі, бабулі і дзялулі, сябры, святары, законнікі, катэхеты, аніматары, настаўнікі, якія з’яўляюцца “каранямі нашай радасці”, - сказаў Святы Айцец.
“Давайце зараз зробім хвілінку цішыні і кожны з нас падумае пра людзей, якія прынеслі давер у наша жыццё, якія з’яўляюцца каранямі радасці”, - заклікаў Пантыфік, пасля чаго прысутныя на сустрэчы паразважалі ў цішыні.
Святы Айцец падкрэсліў, што кожны з нас можа стаць крыніцай радасці для іншых людзей. І гаворка тут ідзе не пра хвілінную радасць, якая хутка прамінае, але пра радасць, якая пускае карані. Каб стаць каранямі радасці, яе трэба шукаць, адкрываць у дыялогу і нясенні іншым людзям, а гэта часам стамляе і патрабуе здольнасці ўставаць пасля падзенняў. Францішак заклікаў юнакоў і дзяўчат дапамагаць уздымацца на ногі тым, хто ўпаў. “Адзіны выпадак, калі дазволена глядзець на чалавека зверху ўніз, гэта калі дапамагаем яму падняцца”, - дадаў Папа.
Пантыфік заклікаў моладзь быць пастаяннай на сваім шляху і не баяцца цяжкасцей, памятаючы, што за кожным добрым вынікам у жыцці стаіць шмат намаганняў. “У жыцці нічога не бывае дармовым, за ўсё трэба плаціць. Бескарыслівае толькі адно – любоў Езуса”, - сказаў Святы Айцец, заклікаўшы юнакоў і дзяўчат ісці наперад па жыцці з надзеяй, памятаючы пра карані і не маючы страху.
Расповед праз танцы і музыку пра сустрэчу з Богам у першай часткі вігілійнага чування, у другой частцы змяніўся сапраўднай сустрэчай з Ім падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.