Пошук

Мангольскі краявід. Ілюстрацыйнае фота Мангольскі краявід. Ілюстрацыйнае фота  (Afmc (Archivio fotografico Missioni Consolata))

Святы Айцец папрасіў аб малітве за яго візіт у Манголію

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 27 жніўня 2023 года прайшла ў Ватыкане, Францішак звярнуўся да вернікаў з просьбай малітоўна падтрымаць яго візіт у Манголію.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Дарагія браты і сёстры, у бліжэйшы чацвер я адпраўляюся ў шматдзённае падарожжа ў цэнтр Азіі, у Манголію. Гэта вельмі жаданы візіт. Ён стане магчымасцю абняць невялікі па колькасці, але напоўнены верай і міласэрнасцю Касцёл. Таксама гэта будзе нагода для блізкай сустрэчы з высакародным, мудрым народам з вялікай рэлігійнай традыцыяй, з якім я буду мець гонар пазнаёміцца, асабліва ў кантэксце міжрэлігійнага мерапрыемства.

Я хацеў бы звярнуцца менавіта да вас, браты і сёстры з Манголіі, кажучы вам, што я шчаслівы здзейсніць падарожжа, каб быць сярод вас як брат усім. Я дзякую вашым уладам за ласкавае запрашэнне і ўсім тым, хто з вялікай адданасцю рыхтуе мой прыезд. Прашу ўсіх суправаджаць гэты візіт малітвай”, - сказаў Папа.

Апостальскае падарожжа Францішка ў Манголію будзе праходзіць з 31 жніўня па 4 верасня пад дэвізам: Супольная надзея. У яго рамках Пантыфік сустрэнецца з палітычным кіраўніцтвам краіны, каталіцкім духавенствам і душпастырскімі работнікамі, прадстаўнікамі іншых рэлігій, узначаліць святую Імшу і падзякуе дабрачынцам.

Каталіцкая супольнасць у Манголіі з’яўляецца адной з самых нешматлікіх у Азіі – яна налічвае ўсяго каля 1400 вернікаў. Сёння тут дзейнічаюць 6 парафій. У 2002 годзе была створана апостальская прэфектура Улан-Батара. Яе ўзначальвае італьянскі кардынал Джорджа Марэнга. Яго кафедрай з’яўляецца касцёл святых Пятра і Паўла ва Улан-Батары.
 

27 жніўня 2023, 12:39