Пантыфік папярэдзіў святароў пра духоўныя небяспекі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Папа выказаў падзяку духавенству за працу, якая часта застаецца непрыкметнай для многіх людзей. “З іншага боку наша святарскае служэнне не вымяраецца душпастырскімі поспехамі (сам Пан з цягам часу меў іх усё менш). У цэнтры нашага жыцця не знаходзіцца таксама шалёная дзейнасць, але прабыванне з Панам, каб прыносіць плён”, - напісаў Святы Айцец у пасланні, абнародаваным 7 жніўня 2023 года.
Францішак запэўніў святароў у сваёй блізкасці і малітве і выказаў пажаданне, каб Касцёл у Рыме быў прыкладам спагады і надзеі, а яго пастыры былі заўсёды гатовымі шчодра раздаваць Божае прабачэнне, як каналы міласэрнасці, якія арашаюць сухасць сучаснага чалавека.
Святы Айцец звярнуў увагу пастыраў на небяспеку свецкай духоўнасці, якая ператварае у людзей, “апранутых у сакральныя формы, але якія працягваць думаць і дзейнічаць паводле свецкай моды”. “Гэта адбываецца, калі мы дазваляем прывабіць сябе эфімернымі спакусамі, павярхоўнасцю і прызвычаенасцю, спакусамі ўлады і грамадскага ўплыву. А яшчэ славалюбствам і самалюбаваннем, дактрынальнай непрымірымасцю і літургічным эстэтызмам, формамі і спосабамі, у якіх свецкасць “хаваецца пад выглядам пабожнасці, а нават любові да Касцёла”, а на самай справе “заключаецца ў пошуку людской пахвалы і асабістай выгады замест хвалы Пана”, - напісаў Пантыфік.
Францішак заўважыў, што свецкая духоўнасць – гэта “далікатная” спакуса і таму “яшчэ больш каварная”. Яна хаваецца за “рэлігійнымі” матывамі і заўсёды вяртаецца ў новых формах, таму трэба быць “ўнутрана пільнымі, ахоўваць розум і сэрца, умацоўваць у нас ачышчальны агонь Духа”, каб бараніцца ад яе.
Папа падкрэсліў, што ў сэрцах пастыраў свецкая духоўнасць набывае форму клерыкалізму. Ён прызнаўся, што занепакоены гэтай праблемай. Клерыкалізм праяўляецца калі святары, часам нават несвядома, бачаць сябе вышэйшымі, прывілеяванымі, пастаўленымі вышэй за іншых людзей і такім чынам аддзеленымі ад рэшты святога Божага люду, - адзначыў Пантыфік.
Клерыкалізм – гэта хвароба; сімптом святарскага і свецкага жыцця, у якім чалавек спакушаецца жыць роллю, а не рэальнай повяззю з Богам і братамі. Святары павінны быць слугамі Божага народа, а не гаспадарамі, абмываць ногі братоў, а не таптаць іх сваімі нагамі, - дадаў ён.
Святы Айцец заўважыў, што клерыкалізм пагражае таксама свецкім вернікам, якія глядзяць на сваё пакліканне як на элітнае, закрываюцца ва ўласнай групе і ўзводзяць муры ад знешняга свету, высакамерна ставяцца да іншых людзей. У барацьбе са спакусай клерыкалізму ён заклікаў славіць Бога, мець пачуццё ўдзячнасці і здзіўлення бескарыслівасцю Божай любові, а ў першую чаргу глядзець на прыклад укрыжаванага Хрыста. Сімптомамі клерыкалізму Папа назваў “нараканні”, “негатыў”, “хранічную незадаволенасць тым, што ідзе кепска”, “іронію, якая ператвараецца ў цынізм”.
Францішак заклікаў святароў не падаць духам, а “закасаць рукавы і схіліць калені, каб маліцца адзін за аднаго, узаемна прасіць аб дапамозе, каб не ўпасці, у асабістым і пастырскім жыцці, у той рэлігійны вобраз, які поўным многім, але пусты Богам, каб быць не служыцелямі культу, а палымянымі прапаведнікамі Евангелля, не “чыноўнікамі”, але пастырамі народа”.