Пантыфік сустрэўся ў Лісабоне з ахвярамі злоўжыванняў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Зала Друку Апостальскай Сталіцы паінфармавала, што сустрэча адбылася ў Апостальскай нунцыятуры ў Лісабоне на заканчэнне афіцыйных сустрэч Святога Айца з прадстаўнікамі ўладаў Партугаліі і мясцовага Касцёла. Яна прайшла ў “атмасферы глыбокай увагі” і працягвалася больш за гадзіну.
У лютым 2023 года ў Лісабоне быў абнародаваны выніковы дакумент Незалежнай камісіі па вывучэнні злоўжыванняў у адносінах да непаўналетніх у мясцовым Касцёле. Дакумент пацвердзіў 512 з 564 сведчанняў, атрыманых у перыяд з 1950 па 2022 год.
Пра працу над гэтай справаздачай паведамляла ў снежні 2022 года Пастаянная рада Канферэнцыі біскупаў Партугаліі. 3 сакавіка 2023 года яна правяла ў Фаціме пазачарговую сустрэчу, прысвечаную аналізу даследавання, падчас якой іерархі абавязаліся падвоіць намаганні ў барацьбе са злоўжываннямі. 20 красавіка ў Партугаліі быў праведзены Агульнанацыянальны дзень малітвы за ахвяр сексуальных злоўжыванняў, злоўжыванняў уладай і сумленнем у Касцёле. Біскупы стварылі таксама Групу суправаджэння ахвяр. Яны заяўлялі, што дадуць “бачны знак” клопату пра ахвяр падчас Сусветных дзён моладзі.