Пошук

Ватыкан. Ілюстрацыйнае фота Ватыкан. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Пантыфік унёс змены ў заканадаўства аб персанальных прэлатурах

8 жніўня 2023 года быў абнародаваны Апостальскі ліст Святога Айца аб змене двух канонаў кананічнага права, якія тычацца персанальных прэлатур. З гэтага часу персанальныя прэлатуры прыраўноўвацца да грамадскіх клерыкальных аб'яднанняў папскага права.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Новы Апостальскі ліст Францішка ўносіць змены ў каноны 295 і 296, якія рэгулююць дзейнасць персанальных прэлатур. На дадзены момант у Касцёле існуе адзіная персанальная прэлатура – Opus Dei, створаная 40 гадоў таму Апостальскай канстытуцыяй Яна Паўла II Ut sit. Дзейнасць прэлатуры ўжо падверглася карэкціроўцы ў ліпені 2022 года Апостальскім лістом Францішка Ad charisma tuendum (Каб захаваць харызмат).

Згодна з новым motu proprio, персанальныя прэлатуры прыраўноўваюцца да “грамадскіх клерыкальных аб'яднанняў папскага права з паўнамоцтвамі інкардынаваць клірыкаў”. Статуты персанальных прэлатур могуць быць "ухвалены або выдадзены Апостальскім Пасадам". Прэлат выконвае ролю “мадэратара, надзеленага паўнамоцтвамі ардынарыя" (кан. 295, § 1). Ён павінен забяспечваць як духоўную адукацыю тых клірыкаў, якіх ён прызначае, так і годныя сродкі для іх існавання. (кан. 295, § 2)

Акрамя таго, новы motu proprio уносіць змены ў 296-ы канон, звязаны з удзелам свецкіх у апостальскай дзейнасці персанальных прэлатур, спасылаючыся на 107-ы канон. Згодна з 296-м канонам, свецкія могуць прысвяціць сябе апостальскай дзейнасці персанальнай прэлатуры, але спосабы супрацоўніцтва і звязаныя з ім асноўныя абавязкі і правы павінны быць адпаведным чынам вызначаны ў статуце, - гаворыцца ў папскім motu proprio, які ўступіць у сілу 8 жніўня 2023 года.

08 жніўня 2023, 15:00