Святы Айцец: свет патрабуе апекі Багародзіцы
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Далучаюся да вашых гарачых малітваў просьбаў і падзякі, якія вы скіроўваеце да нашай умілаванай Маці”, - напісаў Пантыфік, нагадваючы пра старажытныя карані ўшанавання Багародзіцы ў шматлікіх месцах на тэрыторыі Францыі, чаму садзейнічалі многія святыя.
“Я заклікаю пастыраў пастаянна падтрымліваць і ўмацоўваць любоў і пяшчоту, якія вернікі адчуваюць да сваёй умілаванай Апякункі, у прыватнасці шляхам пашырэння ці паўторнага адкрыцця чынаў народнай пабожнасці, напрыклад такіх, як цудоўныя працэсіі 15 жніўня – традыцыі, якая ў вашай краіне налічвае амаль чатырыста гадоў”, - напісаў Папа.
“Больш чым калі-небудзь свет, і асабліва Францыя, якая ўрачыста была прысвечана Ёй – прысвячэннем, якое нельга адмяніць, – патрабуе апекі Марыі перад абліччам цяжкасцей, турбот і выклікаў сучаснасці. Таму давайце рашуча звернемся да Яе, бо Яна – наша Маці, а мы – Яе дзеці”, - заахвоціў Святы Айцец.
“Няхай Каралева супакою заступаецца перад сваім Сынам, каб паўсюль, дзе чуецца грукат зброі, усталяваўся так жаданы мір. Няхай абуджае ў сэрцах кожнага сапраўднае пачуццё братэрскай любові, каб грамадства гарманічна развівалася з павагай да іншых, абаронай іх годнасці і правоў, і каб ніхто не быў пакінутым. Няхай Маці Езуса асаблівым чынам ахоўвае сем’і: бацькоў, якія штодня нясуць цяжар вялікай адказнасці; маладых людзей, багатым патэнцыялам, але часта занепакоеных сваёй будучыняй або, на жаль, прыгнечаных шматлікімі формамі няволі; пажылых людзей, багатых досведам і мудрасцю, але часта пакінутых і забытых. Няхай Яна суцешыць хворых, самотных, маргіналізаваных, выгнанцаў і бежанцаў, усіх, хто пакутуе”, - зазначыў Папа.
Францішак пажадаў вернікам, каб сузіранне ўнебаўзяцця Багародзіцы ўмацавала іх веру ў вечнае жыццё, аднавіла імкненне да яго і гатоўнасць быць місійнымі вучнямі Хрыста для братоў і сясцёр. “Ён адзіны з’яўляецца Скалой, на якой грунтуецца наша непарушная надзея, і на якой мы павінны будаваць наша жыццё і нашы грамадствы”, - заўважыў Святы Айцец.