Пошук

Папа да ўніверсітэцкай моладзі: станьце майстрамі надзеі

Стаць пакаленнем майстроў чалавечнасці і спагады, майстроў новых магчымасцяў для планеты і яе жыхароў, майстроў надзеі, - пажадаў Папа студэнтам Партугальскага каталіцкага ўніверсітэта.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Раніцай 3 жніўня 2023 года Францішак наведаў Партугальскі каталіцкі ўніверсітэт, заснаваны ў 1967 годзе і размешчаны ў цэнтры Лісабона. Студэнты гэтай навучальнай установы атрымліваюць комплексную падрыхтоўку і адукацыю, якая базуецца на прынцыпах хрысціянскага гуманізму, павагі да разнастайнасці і свабоды думкі. Універсітэт лічыцца адным з лепшых у Партугаліі. Яго рэктар, прафесар Ізабэль Капэлоа Хіль звярнулася да Францішка са словамі прывітання і падзякі. Пасля гэтага прагучалі сведчанні чатырох студэнтаў, натхнёныя такімі тэмамі, як інтэгральная экалогія, Глабальны адукацыйны пакт, эканоміка Францішка і культура сустрэчы.

Пілігрымы на шляху пошуку ведаў

У сваёй прамове Папа звярнуў увагу на слова пілігрым. На яго думку, пілігрым – гэта той, хто пакідае звыклую руціну і адпраўляецца ў падарожжа, выходзіць “па-за межы ўласных межаў”, выходзіць з сваёй зоны камфорту, пераадольвае сябе, шукае сэнсу жыцця. Па словах Францішка, асцерагацца гатовых формул, зручных адказаў уласціва як навуковым даследаванням, так і духоўнаму пошуку. Шукаць і рызыкаваць – вось дзеясловы пілігрымаў, - лічыць Папа.

Заклік шукаць і рызыкаваць

Пантыфік узгадаў партугальскага пісьменніка Песоа, які казаў, што быць неспакойным – значыць быць чалавекам. Мы не павінны баяцца адчуваць пэўны неспакой, незадаволенасць, бо яны з'яўляюцца добрым проціяддзем ад прэзумпцыі самадастатковасці і нарцысызму. Пошук і імгненне да нечага большага адрознівае пілігрымаў ад тых, хто замест падарожжа выбірае камфорт, замест людзей – экраны, замест рэальнага – віртуальнае, замест цяжкіх пытанняў – простыя адказы. Папа заклікаў студэнтаў шукаць і рызыкаваць, быць харэографамі танца жыцця, ствараць "новую харэаграфію", якая б ставіла чалавечую асобу ў цэнтр.

Веды – гэта адказнасць

На жаль, вышэйшая адукацыя застаецца прывілеем для нямногіх. Веды – гэта адказнасць, і тыя, хто атрымаў вышэйшую адукацыю, закліканы імкнуцца вярнуць тое, што атрымалі. Навуковую ступень варта разглядаць не толькі як “ліцэнзію на стварэнне асабістага дабрабыту”, але як мандат на прысвячэнне сябе больш справядліваму, інклюзіўнаму і прагрэсіўнаму грамадству, - адзначыў Святы Айцец.

Папа запрасіў студэнтаў задаць сабе некалькі пытанняў: якія змены, якія пераўтварэнні яны жадалі б убачыць у Партугаліі і ў свеце? Які ўнёсак у гэта можа ўнесці каталіцкі ўніверсітэт?

Стаць майстрамі надзеі для планеты

Святы Айцец падзякаваў студэнтам за іх сведчанні, якія неслі “зарад рэалістычнага энтузіязму”, і падзяліўся сваёй марай аб тым, каб іх пакаленне стала пакаленнем майстроў надзеі, майстроў чалавечнасці і спагады, майстроў новых магчымасцяў для планеты і яе жыхароў.

Францішак падкрэсліў, што наш агульны дом патрабуе неадкладнага клопату. Аднак гэта немагчыма зрабіць без пераўтварэння сэрца і змены антрапалагічнага погляду на эканоміку і палітыку. Нельга здавольвацца простымі паліятыўнымі мерамі або нясмелымі і неадназначнымі кампрамісамі. “У гэтым пытанні паўмеры з’яўляюцца толькі малой адтэрміноўкай катастрофы” (Laudato si’, 194). Неабходна ўзяць на сябе адказнасць і пераасэнсаваць тое, што мы называем прагрэсам і эвалюцыяй. Насамрэч, гэты шлях занадта рэгрэсіўны, - папярэдзіў Святы Айцец.

Папа заклікаў новае пакаленне не забываць пра інтэгральную экалогію, неабходную для таго, каб “пачуць пакуты планеты разам з пакутамі бедных, разглядаць драму апустыньвання разам з драмай бежанцаў, тэму міграцыі разам з тэмай зніжэння нараджальнасці, матэрыяльнае вымярэнне жыцця разам з духоўным вымярэннем”.

Свет без Бога не мае будучыні

Францішак падзякаваў аднаму з студэнтаў за словы аб тым, што “сапраўдная інтэгральная экалогія немагчымая без Бога, што свет без Бога не мае будучыні”, і заахвоціў універсітэцкую моладзь праяўляць сваю веру ў выбары і дзеяннях, якія закліканы адлюстроўваць прыгажосць Евангелля. “Недастаткова таго, каб хрысціянін быў перакананы, ён павінен быць пераканаўчым”, - адзначыў Папа. Хрысціянства не павінна ператварацца ў крэпасць, акружаную сценамі і бастыёнамі. У любую эпоху адной з найважнейшых задач для хрысціян з'яўляецца аднаўленне пачуцця ўцелаўлення. Без яго хрысціянства ператвараецца ў ідэалогію. Уцелаўленне дазваляе здзіўляцца прыгажосці, якую Хрыстус раскрывае ў кожным мужчыне і кожнай жанчыне.

Святы Айцец заахвоціў студэнтаў зацікавіцца Глабальным адукацыйным пактам і яго сямю прынцыпамі, такімі як клопат аб агульным доме, удзел жанчын, неабходнасць знайсці новыя спосабы разумення эканомікі, палітыкі, прагрэсу, а таксама гасціннасць, інклюзіўнасць і культура сустрэчы.

Папа пажадаў студэнтам ісці наперад па шляху вучобы, сяброўства, сацыяльнай працы, грамадзянскай і палітычнай адказнасці, клопату аб агульным доме, мастацкага самавыяўлення. Спасылаючыся на сярэднявечную формулу прывітання пілігрымаў Ultreia et Suseia, Францішак ад усяго сэрца пажадаў універсітэцкай моладзі Партугаліі рухацца далей, вышэй, ісці наперад.

Візіт Папы ў Партугальскі каталіцкі ўніверсітэт
03 жніўня 2023, 11:29