Пошук

Ксёндз Піна Пулізі, забіты мафіяй у 1993 годзе Ксёндз Піна Пулізі, забіты мафіяй у 1993 годзе 

Папа да святароў: быць смелымі вучнямі ксяндза Пулізі

Францішак даслаў арцыбіскупу Палерма ліст з нагоды трыццацігоддзя з дня смерці ксяндза Піна Пулізі, забітага сіцылійскай мафіяй 15 верасня 1993 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У лісце, адрасаваным арцыбіскупу Палерма, мансеньёру Карада Ларэфічэ, Папа адзначыў, што ксёндз Пулізі “трагічна завяршыў сваё зямное існаванне менавіта ў тым месцы, дзе ён вырашыў стаць міратворцам", сеяць насенне выратавальнага Слова, абвяшчаць любоў і прабачэнне на "засушлівых і камяністых" землях, дзе расце “як добрае зерне, так і пустазелле”.

"Я чакаў гэтага", - сказаў святар свайму забойцу з усмешкай, якая, па словах Папы, як "пяшчотнае святло”, дасягае і асвятляе сэрцы.

Францішак адзначыў, што лагодны і сціплы дон Пулізі валодаў рысамі Добрага Пастыра, які любіў слабых і безабаронных, спрабаваў выратаваць моладзь ад злачыннасці, выхаваць яе ў павазе да жыцця і свабоды.

Святы Айцец заклікаў сіцылійскіх пастыраў працягваць лячыць "алеем суцяшэння і бальзамам спагады" шматлікія чалавечыя і сацыяльныя бедствы, весці пастырскую дзейнасць, якая б “адпавядала сённяшнім патрэбам".

Пантыфік узгадаў "практычную і глыбокую мудрасць" ксяндза Пулізі, які любіў казаць: "Калі кожны з нас нешта зробіць, то мы зможам зрабіць шмат". Ён заклікаў сіцылійскае духавенства "ўмець пераадольваць мноства страхаў і асабістых бар’ераў, каб супрацоўнічаць і будаваць справядлівае і братэрскае грамадства".

Францішак падкрэсліў, што ізаляцыя і індывідуалізм з'яўляюцца “магутнай зброяй тых, хто хоча падпарадкаваць іншых сваім інтарэсам". Лепшым адказам на гэта з’яўляюцца камунія, сінадальнасць, адзінства, згода з біскупам і адзін з адным, - параіў Папа сіцылійскім святарам.

Святы Айцец заахвоціў усіх, хто нясе святарскае служэнне, “у любы час і ў кожным месцы” быць добрымі, ветлымі пастырамі, мець мужнасць і адвагу, каб без страху ўсяляць надзею самым слабым, хворым, мігрантам і тым, хто "упаў і хоча, каб яму дапамаглі падняцца", ставіць у цэнтр сваёй дзейнасці моладзь, бо “яна – надзея на будучыню”.

Напрыканцы паслання Папа зноў узгадаў "абяззбройвальную ўсмешку” ксяндза Пулізі і заахвоціў святароў быць яго “шчаслівымі і смелымі вучнямі”, гатовымі служыць братам і Касцёлу.

21 жніўня 2023, 10:23